Законнікаў Сяргей

Законнікаў Сяргей Іванавіч нарадзіўся 16.09.1946 г. у в. Слабада Бешанковіцкага раёна, паэт, грамадскі дзеяч.

У Слабадзе сям’я Законнікавых не пражыла і года, пераехаўшы на Ушаччыну ў в. Глыбачка.

Сяргей Законнікаў з роду таленавітых людзей, настаўніцкай сям’і. Бацька пісьменніка пісаў вершы, у даваенны час друкаваўся ў рэспубліканскай перыёдыцы, у чэрвені 1941 г. атрымаў ліст з паведамленнем пра выданне яго першай паэтычнай кніжкі. Пасля вайны бацька працаваў дырэктарам, а маці настаўнічала ў пачатковых класах. У 20-30 гады таленавіта ўваходзіў у беларускую паэзію маладняковец Сяргей Законнікаў (Сяргей Ракіта), родны бацькаў брат, аднак яго жыццё трагічна абарвалася ў ГУЛАГу. Сяргей Законнікаў носіць імя свайго дзядзькі як знак балючай памяці.

Пасля заканчэння Глыбачанскай сярэдняй школы Ушацкага раёна С. Законнікаў паступіў і ў 1969 г. закончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы Клетнаўскай сярэдняй школы Мінскай вобласці. У 1970–1971 гг. – сакратар Ушацкага райкама камсамола. У 1975–1978 – загадчык аддзела сельскай моладзі рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, карэспандэнт аддзела літаратуры і мастацтва рэдакцыі газеты “Звязда”. З 1978 – інструктар, у 1979–1986 гг. – загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ.

Узначальваў Беларускае аддзяленне фонда славянскай пісьменнасці, быў прэзідэнтам Беларускага Камітэта абароны міру, членам Савета беларускага Фонда культуры. Доўгі час узначальваў рэдакцыйны калектыў часопіса “Полымя” (1986–2002). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра (1989). З 1990 – член Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалём, ордэнам Украіны “За заслугі” III ступені (2006). Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1982) за зборнік паэзіі “Пакуль жыве мая бяроза”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1992) за кнігу “Заклінанне”. У Польшчы ён уганараваны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Вітольда Гулевіча (1996) за кнігу “Чорны конь Апакаліпсісу”: у лаўрэацкім дыпломе падкрэслена значнасць чарнобыльскіх паэм, якія “адлюстроўваюць драматычныя праблемы сучаснасці”. На Украіне С. Законнікаву прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія імя Рыгора Скаварады за цыкл вершаў “Жыві, Украіна!” (1997).

Свой паэтычны дэбют Сяргей Законнікаў пачынаў з вершаў у “Віцебскім рабочым” (1963) і калектыўным зборніку “Рунь“ (1970).

Станаўленне і развіццё творчай асобы С. Законнікава адбывалася інтэнсіўна, вельмі плённа. У 70–80-я гг. выйшлі яго зборнікі “Бяседа” (1973), “Устань да сонца” (1976), “Пакуль жыве мая бяроза” (1981), “Вера, надзея, любоў” (1983), “Прысак часу” (1986), “Сутнасць”, “Вечная далеч” (абодва – 1987). Адзначаны яркай самабытнасцю талент і палкая грамадзянская пазіцыя неўзабаве вылучаюць паэта ў лідэры свайго пакалення.

Паэтычную творчасць Сяргея Законнікава можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі, і гэтае размежаванне абумоўлена перадусім такой трагічна-знакавай падзеяй сярэдзіны 80-х гг., як Чарнобыль. З паэзіі С. Законнікава 70-80-х гг. перад намі паўстае дачарнобыльская Беларусь – сялянская, вясковая, з прыгожымі краявідамі, спрадвечнай уладкаванасцю народнага побыту… Тая Беларусь застанецца ў вершах паэта ідэалам красы, натуральнай прыроднай чысціні, духоўнай моцы і трываласці.

Зусім іншая карціна нацыянальнага свету вымалёўваецца з паэзіі С. Законнікава пасля 1986 года. Адбыўся разлом часу і эпохі, адыходзілі ў нябыт стэрэатыпы і фальшывыя ідэалы, мяняліся погляды і ўяўленні. Для С. Законнікава новы этап творчасці пачаўся на хвалі грамадскай перабудовы 80-х гг., пасля Чарнобыльскай трагедыі. Пра шматбаковае і ўдумлівае асэнсаванне паэтам сучаснасці засведчылі такія яго кнігі, як зборнікі вершаў “Заклінанне” (1991), “Святая воля” (1993), эсэістычна-публіцыстычныя творы “Беларускае сэрца” (1993), падарожныя нарысы “Вячэра пад райскім дрэвам” (1993).

Беларусь часу вялікай нацыянальнай катастрофы паўстае з паэмы “Чорная быль” (1989), якая мела прыкметны грамадскі рэзананс. Твор закрануў чытачоў сваёй смелай і мужнай праўдзівасцю, сацыяльнай крытычнасцю, гуманістычнай скіраванасцю думкі, дакладным разуменнем галоўнага, сутнаснага ў сучасным жыцці. Паглыбленае філасофскае асэнсаванне трагедыі С. Законнікаў працягнуў у паэме “Зязюля” (1996), вершаваных і публіцыстычных творах.

У кнігах “У вочы вечнасці гляджу” (2000), “Лістам дарога запала” (2000), “Гэта мы” (2007) Сяргей Законнікаў працягвае свой паэтычны роздум пра лёс бацькаўшчыны, вечныя ідэалы і каштоўнасці.

У паэтычным свеце Сяргея Законнікава кантрастуюць радасць і смутак, светлае і чорнае, чыстае і бруднае, высокае і нікчэмнае…У сваіх думках і разважаннях ён скіраваны да чалавека, яго свядомасці і духу.

www.lib.vitebsk.net

 

Законнікаў Сяргей :: Выданьні

Законнікаў Сяргей, Шалёная куля

Шалёная куля

вершы пяці гадоў

Законнікаў Сяргей

Новая кніга Сяргея Законнікава «Шалёная Куля» перадае пачуцці чалавека, які жыве ў дынамічным і трывожным XXI стагоддзі. Аўтар абвострана адчувае еднасць не толькі з роднай Беларуссю, са сваім народам, чыёй будучыняй шчыра, па-сыноўску заклапочаны, але і з вялікім светам. Усё, што закранае яго сэрца дома і ў вандроўках па планеце, прыходзіць у паэзііо. Адрасуецца шырокай чытацкай аўдыторыі. Болей »


Законнікаў Сяргей, Дол

Дол

вершы i паэмы

Законнікаў Сяргей

Новая кніга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1992), міжнародных літаратурных прэмій Польшчы (1996) і Украіны (1997) Сяргея Законнікава “Дол” занатавала жыццё летапісна, так, як пазначаецца на кардыяграме біццё сэрца, або ў слухаўцы ўрача дыханне чалавека. У кнігу ўвайшлі вершы і паэмы, напісаныя з канца 1991 па пачатак 2008 года, i ў свой час былі апублікаваныя ў перыядычным рэспубліканскім друку. Паэзія С... Болей »


Законнікаў Сяргей, Насустрач

Насустрач

Публіцыстыка, эсэ

Законнікаў Сяргей

Зборнік эсэ і артыкулаў вядомага беларускага пісьменьніка і публіцыста Законьнікава раскрывае яго адчуваньне і бачаньне Беларусі і беларускіх праблемаў. Заўсёды “са шчымлівым болем у сэрцы” Сяргей Законьнікаў верыць і лепшую долю Беларусі і беларускага народу. Артыкулы і эсэ розных гадоў на самы актуальныя нацыя і культуратворчыя тэмы сабраныя пад вокладкаў “Насустрач”. Аўтар заклікае разам зрабіць крок насустрач Беларусі аб якой мары... Болей »


Законнікаў Сяргей, Першы пацалунак

Першы пацалунак

Сто вершаў пра каханьне

Законнікаў Сяргей

Новая кніга лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, міжнародных літаратурных прэмій Украіны і Польшчы Сяргея Законьнікава «Першы пацалунак» прысьвечана самаму загадкаваму чалавечаму пачуцьцю — каханьню. Аўтар малюе чароўны сьвет, у якім валадараць, журбоцяцца, пакутуюць і радуюцца, каб стаць шчасьлівымі. Яна і Ён. Болей »


Законнікаў Сяргей, Гэта мы

Гэта мы

паэмы

Законнікаў Сяргей

У кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, міжнародных прэмій Польшчы і Украіны Сяргея Законьнікава “Гэта мы" увайшлі паэмы "Чорная быль", "Цівалі", "Зязюля". Эпічныя творы аўтара, вядомыя айчыннаму чытачу і перакладзеныя на іншыя мовы сьвету, з'яўляюцца паэтычным асэнсаваньнем лёсу беларускага народа, "народа на Галгофе". Яны вызначаюцца запамінальнай метафарычнасьцю, глыбінёю думак, шчырасьцю пачуцьцяў, нястомнасьцю ... Болей »


Законнікаў Сяргей, Лістам дарога запала...

Лістам дарога запала...

Выбранае

Законнікаў Сяргей

У кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы Сяргея Законнікава ўвайшлі вершы і паэмыы розных гадоў. Яны перадаюць святло шчырых чалавечых пачуццяў, дынамізм і складанасць жыцця, вызначаюцца асабістай адказнасцю паэта за будучыню свайго народа, роднай Беларусі, над чыім лёсам узышла і гарыць палыновая зорка чарнобыльскай трагедыі. Болей »


Законнікаў Сяргей, Вячэра пад райскім дрэвам

Вячэра пад райскім дрэвам

Падарожныя нарысы, дзённікі

Законнікаў Сяргей

Разам з аўтарам гэтай кнігі чытач пабывае ў многіх краінах (Італія, Сербія, Францыя, Германія, Швейцарыя), пазнаёміцца з традыцыямі, бытам, культурай еўрапейскіх народаў. Паказваючы іншае жыццё, Сяргей Законнікаў заўсёды перакідае кладку памяці да роднае зямлі, усхвалявана і заклапочана гаворыць пра сённяшні дзень, трывогі і надзеі беларусаў, якія сталі на шлях будаўніцтва незалежнай дзяржавы. Болей »


Законнікаў Сяргей, Беларускае сэрца

Беларускае сэрца

Публіцыстычны роздум, эсэ

Законнікаў Сяргей

У кнізе публіцыстычнага роздуму ўсхвалявана, з трывогаю і болем пісьменнік вядзе гаворку пра засілле на нашай зямлі двух Чарнобыляў — духоўнага і радыяцыйнага, горача выступае ў абарону роднай мовы і культуры, за захаванне маральнага і фізічнага здароўя людзей, напамінае пра вялікую адказнасць за нацыянальнае Адраджэнне, за будучыню беларусаў. Для масавага чытача. Болей »


Законнікаў Сяргей, Святая воля

Святая воля

Выбраная лірыка

Законнікаў Сяргей

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1982) Сяргей Законнікаў, які так шмат робіць дзеля нашага духоўнага нацыянальнага адраджэння, ужо сваімі першымі выступленнямі ў друку (196З) засведчыў свой непадробны грамадзянскі пафас, сваю шчырую любоў да роднае зямлі. У гэтую кнігу ўвайшло лепшае з яго кніг «Бяседа», «Устань да сонца», «Пакуль жыве мая бяроза», «Вера, надзея, любоў» і інш. Болей »


Законнікаў Сяргей, Вечная далеч

Вечная далеч

Вершы

Законнікаў Сяргей

Зборнік лаўрэата літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя А. Куляшова складаюць вершы пра сучасную моладзь, пра яе здзяйсненні, мары і каханне. Болей »


Першая   Папярэдняя   [1-3]   Наступная   Апошняя