Надсан Аляксандр

Нарадзіўся Аляксандр Надсан у мястэчку Гарадзея, што пад Нясьвіжам. Бацька і маці ягоныя былі настаўнікамі, і хлопец зь дзяцінства размаўляў з маці па-француску (у часы ваеннага ліхалецьця юнаку, закінутаму на чужыну, прыдаліся гэтыя веды). Пасьля школы скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Сам айцец кажа, што сэмінарыя дала яму “ня толькі грунтоўныя веды, але зрабіла перакананым беларусам на ўсё жыцьцё”.

У час вайны, яшчэ падлеткам, Аляксандар узначаліў мясцовае аддзяленьне Саюзу Беларускае Моладзі. У 1944 г. Аляксандар, як шмат хто зь ягоных раўналеткаў, далучаецца да Беларускае Краёвае Абароны. Праз год ён будзе стаяць у ахове Другога ўсебеларускага кангрэсу ў Менску. Аляксандру не было яшчэ 18 гадоў, калі жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны былі скіраваныя на Заходні фронт, у Францыю. Там ён зь сябрамі далучыўся да Руху Супраціўленьня. Пазьней Аляксандру давялося ваяваць у Італіі ў складзе арміі генэрала Андэрса, дзе ён быў паранены. Айцец мае ўзнагароды за змаганьне з фашызмам, але гаварыць пра гэта ня любіць, бо, зь ягоных словаў, “вайна — гэта нялюдзкае і страшнае”.

Па вайне савецкая Беларусь, дзе разгарнуліся рэпрэсіі, была для яго закрытая. Айцец гаворыць цяпер з іроніяй: “У нас не было тады выбару: Ангельшчына або Беларусь. Мне даводзілася выбіраць Ангельшчыну або Салаўкі. Я падумаў, што ў Ангельшчыне будзе крыху выгадней”.

У Брытаніі, дзе айцец апынуўся па вайне, ён за некалькі месяцаў самастойна авалодаў ангельскай мовай і паступіў у Лёнданскі ўнівэрсытэт на аддзяленьне матэматыкі. Якраз тады пачынае фармавацца айцова адкрытасьць да сьвету, да сусьветнае культуры, што надае ягонай унікальнай эрудыцыі эўрапейскі кшталт. Гады самаадукацыі далі яму грунтоўныя веды з сусьветнай гісторыі й культуры, веды, што і цяпер уражваюць ягоных суразмоўцаў.

У 1946 г. Аляксандар Надсан стаецца адным са стваральнікаў Згуртаваньня беларусаў Вялікае Брытаніі, найстарэйшай зь дзейных цяпер беларускіх арганізацыяў у замежжы. Таксама ён удзельнічае ў працы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднаньня “Рунь”, што гуртавала інтэлектуальную беларускую моладзь у Заходняй Эўропе й ЗША.

У 1947 г. у Лёндане ствараецца Беларуская каталіцкая місія. Будучы біскуп Часлаў Сіповіч, які стаяў ля яе вытокаў, стаўся для Аляксандра найбольшым духоўным аўтарытэтам і паўплываў на ягоны далейшы жыцьцёвы шлях. “Пад ягоным уплывам у мяне нарадзілася жаданьне прысьвяціць жыцьцё на службу Богу сярод свайго народу”, — кажа айцец. Увосень 1953 г. А.Надсан едзе ў Рым, дзе праводзіць наступныя шэсьць гадоў у Грэцкай калегіі. У калегіі вучыліся румыны, італа-альбанцы, сырыйцы. Яны размаўлялі між сабою па-грэцку, ведалі італійскую, а ў Грыгарыянскім унівэрсытэце вучыліся на лаціне. Менавіта там айцец сутыкнуўся з разнастайнасьцю нацыянальных традыцыяў у Царкве. Ён казаў пасьля, як глыбока яго ўразіла тое, што студэнты зь іншых Цэркваў маглі пры нагодзе маліцца па-свойму. Для яго ж, беларуса, “сваёй” моваю набажэнства была царкоўнаславянская. З часу навучаньня ў Грэцкай калегіі вынес айцец думку пра пераклад усходніх літургічных тэкстаў з грэцкай мовы на беларускую — працу, якую ён уважае цяпер за найважнейшае зьдзяйсьненьне ў сваім жыцьці.

Высьвячаны на сьвятара ён быў 23 лістапада 1958 г. і ў наступным годзе вярнуўся ў Лёнданскую місію.

У 60-я місія ўтрымлівала Беларускую школу сьв.Кірылы Тураўскага, дзе вучыліся і жылі хлопчыкі зь беларускіх сем’яў з розных краінаў і розных веравызнаньняў. Для дзяцей гэта быў асяродак, дзе яны маглі пазнаёміцца з нацыянальнай літаратурай, гісторыяй, культурай. Айцец Аляксандар працаваў настаўнікам у гэтай школе, а ад верасьня 1966 г. быў ейным кіраўніком.

Сьвятарскае служэньне для айца заўсёды было зьвязанае з працаю дзеля захаваньня беларускае культуры. Таму і працуе ён актыўна ў складзе Ангельска-Беларускага таварыства, чытае культуразнаўчыя лекцыі, друкуецца у пэрыядычных выданьнях, перадусім у “Journal of Byelorussian Studies” і ў адноўленым у Лёндане рэлігійным часопісе “Божым шляхам”. Ён цікавіцца старадрукамі, скарыназнаўствам, робіць унікальную працу па дасьледаваньні і трансьлітарацыі Аль-Кітабаў.

У 1971 г. у Лёндане адкрываецца Беларуская бібліятэка імя Скарыны. Бібліятэчная калекцыя спачатку складалася з прыватных кнігазбораў трох сьвятароў — уладыкі Ч.Сіповіча, а.Л.Гарошкі і а.А.Надсана. Цяпер гэта сусьветна вядомы цэнтар, які валодае найбуйнейшым па-за межамі Бацькаўшчыны зборам беларусазнаўчай літаратуры, унікальнай калекцыяй старадрукаў і старажытных мапаў, багатым і дагэтуль мала дасьледаваным архівам. Сёлета, дарэчы, Скарынаўка сьвяткуе сваё 30-годзьдзе, да якога прымеркаваная канфэрэнцыя ў Лёндане “Роля беларускай дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускай культуры”.

Усе гэтыя гады фонды бібліятэкі папаўняліся найперш стараньнямі айца Надсана. Ён выкарыстоўваў кожную магчымасьць, шукаючы рэдкія выданьні, рукапісы, езьдзіў на кніжныя аўкцыёны, у букіністычныя крамы па ўсёй Эўропе, зьбіраў кнігі сярод беларусаў дыяспары. Айцец са сьмехам распавядае, што быў у Монтэ-Карла, слаўным сваімі казыно, і шмат грошай там пакінуў. Быў жа ён там насамрэч на кніжным аўкцыёне і неблагі набытак зь яго прывёз для Скарынаўкі. Альбо яшчэ, як давялося яму ў аднаго нью-ёрскага беларуса цэлы дзень частавацца чымсьці моцным і брыдкім, каб назаўтра атрымаць ад яго “Гісторыю крыўскай кнігі” В.Ластоўскага.

А яшчэ было навязваньне кантактаў зь дзяржаўнымі бібліятэкамі і ўстановамі культуры ў Беларусі, арганізацыя навуковых канфэрэнцыяў, выданьне рукапісаў з фондаў бібліятэкі (у т.л. дзёньніка Казіміра Сваяка і рукапіснага паэтычнага зборніка Ларысы Геніюш).

Адначасова айцец робіць велізарную працу па перакладзе літургічных тэкстаў бізантыйскае традыцыі. Плён ягоных 20-гадовых высілкаў — гэта ўвесь корпус багаслужбаў надзвычайнае духоўнае і эстэтычнае вартасьці, цяпер даступны беларускім вернікам. Айцец не абмяжоўваецца перакладамі: разьвіваючы беларускую літургічную традыцыю, ён уводзіць ва ўжытак малітвы і акафісты Скарыны, сам піша тэксты (Служба аб памнажэньні любові, Службы да сьв.Эўфрасіньні Полацкае і да сьв.Кірылы Тураўскага і інш.). Асноўная частка гэтых тэкстаў падрыхтаваная цяпер да друку лёнданскім выдавецтвам “Божым шляхам”.

Пасьля сьмерці біскупа Сіповіча а.Аляксандар робіцца рэктарам місіі ў Лёндане, а ў 1986 г. яго прызначаюць Апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў замежжа. Доўгі час ён самастойна выдаваў “Весьнік беларускага каталіцкага душпастырства”. Двойчы тады ён аб’ехаў сьвет, адведваючы беларусаў ад Аўстраліі і Новае Зэляндыі да ЗША і Канады. Да апошняга часу вадзіў ён штогадовыя пілігрымкі да Крыжа беларускіх пакутнікаў, што ў Канадзе. На працягу некалькіх гадоў “Наша Ніва” зьмяшчае казаньні а.Аляксандра на Каляды і Вялікдзень, адрасаваныя беларусам усяго сьвету. У сталым сваім веку айцец рэгулярна бывае ў беларусаў розных веравызнаньняў ад Францыі да Амэрыкі, служыць набажэнствы, хрысьціць і вянчае, проста сустракаецца зь людзьмі — трымае іх разам. Разам зь Беларусяй і разам з Богам.

Калі зьнятая была жалезная заслона, айцец прыехаў на Беларусь — з дапамогаю для дзяцей, што пацярпелі ад чарнобыльскае аварыі. Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, які айцец стварыў і ўзначаліў у Вялікабрытаніі, распачаў тады дастаўку лекаў у найбольш пацярпелыя раёны, ладзіў летнія адпачынкі для дзяцей у Ангельшчыне, Валіі і Ірляндыі.

У той свой прыезд зь вялікай радасьцю для сябе сутыкнуўся айцец зь першымі намаганьнямі адрадзіць Уніяцкую Царкву на Беларусі. 11 сакавіка 1990 г. ён адслужыў сьвятую Літургію за беларускі народ — першую каталіцкую службу ўсходняга абраду ў Менску ад часоў скасаваньня Уніі ў 1839 г. Сотні людзей прыйшлі на ягонае набажэнства і адчулі тады, што гэта — іхняя Царква. Царква зь беларускай моваю літургіі, Царква, дзе душы адгукаюцца на мудрыя і сьветлыя словы сьвятара. Пры ўсёй разнастайнасьці абавязкаў і пакліканьняў айца, пры ягонай неверагоднай заангажаванасьці ў сьвеце, сьвятарства для яго — ня роля, а тоеснасьць. “Я — сьвятар перадусім”, — часта кажа ён пра сябе.

З адраджэньнем Грэка-Каталіцкае Царквы на Беларусі праца Лёнданскае місіі набыла новае значэньне: цяпер тут атрымліваюць тэалягічную адукацыю беларускія студэнты, запрошаныя айцом. Цяпер ёсьць надзея на працяг, на пераемнасьць пачатае колісь айцом справы.

На жаль, свой сёлетні юбілей айцец сустрэне на чужыне. Прыехаць у Беларусь яму, вольнаму чалавеку з вольнага сьвету, не дазваляе абсурдная вымога беларускіх уладаў, што тычыцца ўсіх замежных прадстаўнікоў неправаслаўных канфэсіяў: дзеля прыезду ў Беларусь ім неабходны дазвол Камітэту па справах рэлігіяў. Адпаведна, у Беларусі мы яго пабачым ня хутка. Але ўсё ж добра ведаць, што там, у Лёндане, у царкве Сьв.Пятра і Паўла, айцец асьвячае пачатак кожнага дня Боскай літургіяй па-беларуску і моліцца вось ужо колькі дзясяткаў гадоў “за краіну нашу Беларусь і за ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас”.

Караліна Мацкевіч, Ігар Іваноў "Сьвятар перадусім" у: Наша Ніва, 32 (241) 6.08.2001

 

Надсан Аляксандр :: Выданьні

Надсан Аляксандр, Пра боскае i людзкое

Пра боскае i людзкое

Думкі айца Аляксандра Надсана, скампіляваныя з публікацый і гутарак

Надсан Аляксандр

Тут сабраныя цытаты славутага рэлігійнага i грамадзкага дзеяча айца Аляксандра Надсана, узятыя зь ягоных публікацый апошніх сарака гадоў. У разьдзелах Divinitas (“Боскае”) i Humanitas (“Людзкое”) зьмешчаныя выказваньні пра Бога і чалавека, рэлігію і сьвятарскае служэньне, а таксама пра надзённыя пытаньні свабоды, талерантнасьці, экалёгіі, мовы, гісторыі. Выданьне прымеркаванае да 50-годзьдзя сьвятарства а. Аляксандра i наданьня яму годн... Болей »


Nadson Alexander, Ceslaus Sipovich

Ceslaus Sipovich

the first Belarusian Catholic Bishop in the 20th century (1914-1981)

Nadson Alexander

Ceslaus Sipovich was born on 8 December 1914 into a farming family at Dziedzinka, a small village in the north-western corner of Belarus which at that time formed part of the Russian Empire. As the result of changes brought about by the First World War and the Russian Revolution, the territory of Belarus was partitioned in March 1921 by the Treaty of Riga between its neighbours. Its western regions cam under the Polish rule, and the eas... Болей »


Надсан Аляксандр, Pro patria aliena

Pro patria aliena

Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938)

Надсан Аляксандр

Праца прысьвечаная гісторыі кляштару беларускіх айцоў марыянаў у Друі ў пэрыяд між дзьвюма сусьветнымі войнамі мінулага стагодзьдзя на фоне тагачаснай палітычнай і рэлігійнай сытуацыі ў Заходняй Беларусі, а таксама ватыканскай усходняй палітыкі. Разглядаюцца прычыны, з якіх кляштар ня змог зрабіць свой унёсак у справу адраджэньня Грэка-Каталіц-кай царквы ў Беларусі і ня здолеў стаць цэнтрам беларускага духоўнага жыцьця для каталікоў рым... Болей »


Надсан Аляксандр, Біскуп Чэслаў Сіповіч сьвятар і беларус

Біскуп Чэслаў Сіповіч сьвятар і беларус

Надсан Аляксандр

Кніга айца Аляксандра Надсана прысвечана жыццю і дзейнасці першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа XX стагодзьдзя Чэслава Сіповіча (1914-1981). Дзейнасьць святара дэталёва разглядаецца на фоне рэлігійных, культурных і палітычных падзеяў у сьвеце, асабліва тых, што датычылі беларусаў. Шырокі кантэкст дае магчымасьць не толькі прасачыць жыцьцёвыя этапы і этапы дзейнасьці, а таксама дае поўны агляд гістарычных падзеяў. Праца напісана... Болей »


Надсан Аляксандр, а., Госпаду памолімся

Госпаду памолімся

Малітаўнік

Надсан Аляксандр, а.

Малітзўнік "Госпаду памолімся" прызначаны для вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. У ім зьмешчаныя, апрача малітваў да прыватнага ўжытку, тэксты Літургіі сьв. Яна Залатавуснага і (у скароце) Літургіі сьв. Базыля Вялікага, Вячэрні і Ютрані, а таксама некаторых іншых службаў. Болей »


ARCHE, 03(17)2001

ARCHE

аналітыка • крытыка • эсэістыка • гісторыя • літаратура • палеміка • рэцэнзіі

03(17)2001

У гэтым нумары: "Скрына і ананасы" Аляксандра Надсана, "Вайна з беларускай гісторыяй" Генадзя Сагановіча, "Эканамічны нацыяналізм супраць культурнай экспансіі" Валера Булгакава, "Пачаткі беларускай сеціратуры" Алісы Бізяевай і г.д. Сярод аўтараў нумара — Лявон Юрэвіч, Аляксей Знаткевіч, Юлія Андрэева, Алесь Эроціч і інш. Болей »