Зьявіліся сайт і Instagram-старонка памяці Алеся Пушкіна
2024-12-13 23:15
Пасьля васьмі месяцаў у турме № 1 Горадні 57-гадовы мастак Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні 11 ліпеня 2023 году. 13 ліпеня мастака пахавалі на ягонай радзіме ў вёсцы Бобр Крупскага раёну.
На сайце можна прачытаць біяграфію мастака, галоўныя моманты яго жыцьця і азнаёміцца зь некаторымі ягонымі творамі.
Хто такі Алесь Пушкін
Алесь Пушкін быў адным зь яскравых беларускіх мастакоў і пэрформэраў апошніх дзесяцігодзьдзяў. Пушкін жыў у мястэчку Бобр у Крупскім раёне, удзельнічаў у мастацкіх і палітычных акцыях з канца 1980-х. Яшчэ ў 1988 годзе яго арыштавалі на пяць дзён за распаўсюд улётак да Дзядоў.
На Дзень Волі 1989 году, яшчэ пры СССР, Пушкін выйшаў з плякатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так студэнт тэатральна-мастацкага інстытуту прайшоўся па цэнтральным праспэкце Менску. За тую акцыю мастак атрымаў два гады ўмоўна, на суд прыйшоў у вышыванцы і адказваў на пытаньні па-беларуску.
У 1999 годзе Пушкін правёў пэрформанс каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта, куды прывёз тачку з гноем і партрэтам Лукашэнкі, які праткнуў віламі, вываліўшы гной. І за гэтую акцыю Алесь быў пакараны двума гадамі ўмоўна.
У 2020 годзе Пушкін падтрымаў пратэсты. Яго схапілі і пабілі, як і іншых удзельнікаў акцый. Выйшаўшы з ізалятара, ён паказаў сінякі на сваім целе.
Крымінальную справу на Пушкіна завялі за партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, угледзеўшы ў гэтым творы «рэабілітацыю нацызму».
Пушкін мог застацца за мяжой — бо ў той час, калі даведаўся пра крымінальную справу, быў у Кіеве, — але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. За карціну мастаку прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня. У апошнім інтэрвію на волі ён казаў, што ў Беларусі будзе ў турме, але застанецца пры гэтым жывы.
Пушкін прайшоў праз вайну, ён служыў у войску ў Афганістане. Апошнім часам зьняволеньне адбываў у турме ў Горадні. Там яму і стала блага са здароўем. Пушкін памёр у шпіталі ад прабадной язвы, дапамогу яму аказалі запозна. Пахаваны ў сваім родным Бабры.