Супольныя спевы, танцы і забавы. Трэці фестываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ сёння стартуе ў Беластоку, а наперадзе – Вітава, Супрасль і Навасады.
Што чакае гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства, а таксама пра тое, як паўставаў фестываль, паразмаўлялі з “Госцем Рацыі” – кіраўніком рэдакцыі нацыянальных меншасцяў польскага радыё Беласток, прадстаўнік фонду TUTAKA, галоўны ініцыятар і стваральнік фестывалю SONCAHRAJ Зміцерам Косціным.
РР: Чым парадуеце ў гэтым годзе? Мясцовасці зноў новыя.
– Так, мясцовасці новыя. Пачынаем з Беластока і прызнаюся шчыра хвалюемся. Беластоцкая публіка – гэта публіка спецыфічная, публіка якая вымагае шмат. Мне здаецца, што калі гаварыць пра такія традыцыйныя пленэрныя імпрэзы і мерапрыемствы, то тут прыгадаю толькі “Свята беларускай культуры”, якое арганізуе Беларускае грамадска-культурнае таварыства на Плантах.
З году ў год гэтае мерапрыемства адбываецца на адкрытым паветры. Рэшта мерапрыемстваў адбываецца перыядычна, можа пры нагодзе нейкіх іншых мерапрыемстваў. Тут мы вырашылі пайсці ў ва банк, арганізаваць пад Ратушай і запрасіць усіх. Калі хтосьці спадзяецца, што гэта будзе фестываль з вялікай сцэнай, з якой будуць выступаць гурты, дзе будзе шмат гэтай гукаўзмацняльнай тэхнікі і расстаўленыя крэслы, ён напэўна памыляецца.
Сёлетняя ідэя – гэта так званы unplugged. Мы хочам наблізіцца да такой традыцыйнай вясковай забавы, дзе людзі спявалі, танцавалі на пятачку ля лавачкі на панадворку. Так і тут будзе, ля ўваходу ў музей пры Ратушы. Робім такую пляцоўку, дзе будзем супольна спяваць, дзе будзем танцаваць. Перадусім цешымся, што ўдалося запрасіць гасцей, бо сёлета ёсць праблема з гэтым. Звязана гэта праблема не да канца з намі.
Фонд TUTAKA у Інстаграме прызнаны экстрэмісцкім. Мы ўсе ведаем, што ў Беларусі могуць стварыць праблемы для людзей, таму для бяспекі нашых сяброў, з якімі мы шмат гадоў сустракаліся, мы вырашылі напоўніць фестываль тымі сіламі, якія ёсць у замежжы. Вядома не магло абысціся без “Жэмэрвы”. Для мяне “Жэмэрва” – гэта такі знак якасці, які ўжо больш за 20-ць гадоў паказвае нашу спеўную традыцыю, музычную традыцыю, танцавальную традыцыю. Таму напэўна будзе шмат спеваў і супольных танцаў. Выступяць гурты, якія паўсталі пры фондзе “Тутака” – гэта спеўны хор “Зграя” і жаночая група “Кудзеля”.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя