Зьміцер Дашкевіч выйшаў пасьля 20 сутак арышту
2021-05-13 20:28
Актывіст Зьміцер Дашкевіч 13 траўня вызвалены з жодзінскага ізалятару часовага ўтрыманьня, паведаміла БелаПАН яго жонка Наста Дашкевіч.
Актывіст быў затрыманы 23 красавіка падчас вахты каля рэстарану «Поедем поедим» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Кожную пятніцу ён прыяжджаў на вахту на знак пратэсту супраць працы рэстарану побач зь месцам пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.26 красавіка суд Менскага раёну ў асобе судзьдзі Антона Колабава прызнаў Дашкевіча вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП) і арыштаваў на 20 сутак.
Разам з Дашкевічам былі затрыманыя Ганна Шапуцька, Кірыл Лойка і яшчэ некалькі чалавек. Шапуцька 26 красавіка атрымала паводле аналягічнага артыкулу 15 сутак арышту (суд Менскага раёну), Лойка — 5 сутак (там сама).
Пасьля суду над Дашкевічам яго жонка накіравала ў Генэральную пракуратуру зварот з просьбай правесьці праверку ўмоваў знаходжаньня ў ІЧУ Менскага раёну арыштаваных паводле арт. 24.23 КаАП. Як паведаміла Наста Дашкевіч, падчас судовага паседжаньня яе муж расказаў, што ў ІЧУ раёну створаныя «асобныя ўмовы для адміністрацыйна арыштаваных паводле артыкулу 24.23 КаАП». У прыватнасьці, у іх няма пасьцельнай бялізны і матрацаў, людзі вымушаныя спаць на падлозе, а па начах — у 23.00 і 2.00 — да іх прыходзіць праверка.
«У камэрах для асуджаных паводле артыкулу 24.23 КаАП РБ вісяць свае правілы распарадку і інструкцыі, якія адрозьніваюцца ад правіл іншых вязьняў. Паводле майго мужа, ў адміністрацыйна асуджаных па іншых артыкулах КаАП РБ ўмовы адбыцьця пакараньня адрозьніваюцца ў лепшы бок», — паведаміла Дашкевіч.
Яна просіць Генэральную пракуратуру правесьці тэрміновую праверку ўмоваў знаходжаньня арыштаваных паводле артыкулу 24.23 КаАП у ІЧУ Менскага раёну на адпаведнасьць правілам унутранага распарадку і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а таксама правесьці пракурорскую праверку на наяўнасьць у дзеяньнях супрацоўнікаў ІЧУ прыкмет крымінальнага злачынства — распальваньня сацыяльнай варожасьці і перавышэньня службовых паўнамоцтваў.