Ейныя творы хваліў Янка Купала і Максім Гарэцкі, а рукапіс кнігі “згубіла” рэдакцыя, яна ездзіла настаўнічаць у Сібір да беларускіх дзяцей, працавала на кінастудыях і ў тэатрах, не верыла ў контррэвалюцыйнасць беларускіх літаратараў. Пра пакручасты жыццёвы і творчы шлях пісьменніцы і перакладчыцы Зінаіды Бандарынай расказвае “Салідарнасць”.
Зінаіда нарадзілася ў Горадні ўвосень 1909-га — у сям’і ці то афіцэра, ці то выкладчыка лаціны. Сама паэтка ў аўтабіяграфіі, якую складала пазней для прыёму на працу, пацвердзіла і тое, і другое. Паводле яе слоў, бацька Аляксандр, які працаваў выкладчыкам, быў прызваны ў армію падчас Першай сусветнай вайны і даслужыўся да фіцэра — а ўжо ў грамадзянскую вайну быў камандзірам Чырвонай Арміі.
Ёсць сумневы і наконт дакладнасці даты нараджэння пісьменніцы: калі прыняць за праўду афіцыйную версію, то Вадзім і Зінаіда Бандарыны, брат і сястра, нарадзіліся ў адзін год з розніцай усяго ў сем месяцаў, што чыста фізіялагічна наўрад ці магчыма, хіба толькі ў іх былі розныя маці. А вось калі прыняць агучаную самой паэткай версію, што бацькі з нейкіх прычын «прыпісалі» ёй год-два, то ў прынцыпе карцінка складваецца.
Сям’я шмат пераязджала следам за бацькам: з Гродна — у Дзвінск, Іванава, Маскву — але прыкладна з 1918-га асела ў Менску. Менавіта тут Зінаіда скончыла сямігодку і педтэхнікум, зладзіла ў Койданаве ў былым доме святара дзіцячы садок, куды яе ж і прызначылі загадчыцай (у 16 год!).
А пасля заканчэння навучальнай установы па «камандзіроўцы Наркамата асветы» (фактычна, па размеркаванні, але яна выклікалася добраахвотна) паехала вучыць мове дзяцей беларускіх перасяленцаў у Сібіры, у пасёлку Медзякова Купінскага раёна (1927-1928).
Першы поспех і першы «аблом»
Але да гэтага часу зусім яшчэ юная Зінаіда, якой не было і 18 год, надрукавала свае юнацкія вершы — іх заўважыў і пахваліў сам Янка Купала. Неўзабаве ўбачыў свет і дэбютны зборнік «Вершы» разам з Яўгеніяй Пфляўмбаум і Наталляй Вішнеўскай. Ад кожнай аўтаркі ў кніжку ўвайшло ўсяго па 7 вершаў ды фотаздымак, але падзея сталася значнай не толькі для мінулага стагоддзя.
Кніга была даволі прыязна сустрэта крытыкамі. Так, Антон Луцкевіч у «Беларускім календары» за 1929 год назваў зборнік «вельмі прыемнай праявай трох маладых пяснярак», а часопіс «Жаноцкая справа», некалькі нумароў якога выйшлі ў Заходняй Беларусі, перадрукаваў вершы паэтак і радасна адзначаў, што «і на ўсходзе, за гранічнай мяжой, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі, родзяцца сярод беларускіх жанчын паэтыцкія таленты».
Максім Гарэцкі ў 1928 годзе ў кнізе «Маладняк за пяць гадоў» назваў яе ў ліку найлепшых паэтаў і прысвяціў яе творчасці асобны раздзел.
Сябры студыі «Маладняк» пры Белпедтэхнікуме, 1925 год. Зінаіда — у верхнім шэрагу. Фота з фондаў архіва-музею літаратуры і мастацтва
Бандарына, як і яе каляжанкі па «Маладняку», была натхнёная такой рэакцыяй і рыхтавала да друку ўжо свой уласны зборнік вершаў «Звоны-перазвоны». Аднак кніга так і не ўбачыла свет: паэтцы паведамілі, што рукапіс, як і ейныя вершаваныя казкі, проста згубілі.
Імаверна, што справа была зусім у іншым. Спрыяльныя для беларускіх творцаў сацыяльна-палітычныя ўмовы паступова пагаршаюцца: у найлепшым выпадку паэтаў перастаюць друкаваць, у найгоршым — пачынаюць арыштоўваць…
У 1931 годзе Зінаіда адзіная з трох сябровак усё ж здолела выдаць уласную кнігу «Веснацвет», але гэтым разам рэцэнзіі былі вельмі жорсткімі. А праз пару год паэтка надоўга замоўкла, толькі падчас вайны зноў пачала публікаваць патрыятычныя вершы і творы для дзяцей, лірыку ж пісала ў стол. Адзін з такіз лірычных твораў, «Па Купалавых сцежках», быў надрукаваны толькі ў 1958-м.
«Правінілася: не паверыла ў кантррэвалюцыйнасць некаторых пісьменнікаў»
Пасля настаўнічання ў Сібіры Бандарына, якой дактары катэгарычна не раілі заставацца надоўга ў тамтэйшым клімаце, хворай на туберкулёз зноў вярнулася на радзіму, ачуньвала, уладкавалася ў гомельскае выданне «Палеская праўда» (1928-1929).
З сабой прывезла аповесць «Шуміць тайга», напісаную фактычна ў святле газнічкі паміж праверкай дзіцячых сшыткаў — яе зноў друкуе «Маладняк».
Бандарына ездзіць па новабудоўлях і арганізацыях культуры БССР, піша пра гэта нарысы — але літаратарка з яе значна лепшая, чым карэспандэнтка. Зрэшты, і літаратаркай быць няпроста: як вынікае з даведкі, у літаддзеле газеты яна «правінілася: не паверыла ў кантррэвалюцыйнасць некаторых беларускіх пісьменнікаў», праз што выкрывальны артыкул пра іх быў надрукаваны са спазненнем, а яе са скандалам выключылі з камсамолу.
Паўгады да яе прыглядаліся ў аддзеле друку ЦК кампартыі, потым, мабыць, палічылі добранадзейнай — і адпусцілі на вучобу. Бандарына сканчае літаратурна-сцэнічны факультэт Інстытута кінематаграфіі ў Маскве, потым аспірантуру пры Дзяржакадэміі мастацтвазнаўства (Ленінград), працуе на кінастудыях і ў тэатрах Масквы, Архангельска, Грознага.
У гэты перыяд — доўгія 15 год — яна не публікуецца наогул, а потым прыносіць у выдавецтвы толькі прозу.
Муж, які з’яўляецца і знікае
З Грознага у 1939-м Бандарына прыехала ў Маскву з мужам — чытальнікам Мікалаем Андрэевым. Напачатку вайны ён пайшоў на фронт, яна — уступіла ў Маскоўскае апалчэнне, была санінструктарам у Панфілаўскай дывізіі, атрымала баявы медаль — хіба што з ордэнам размінулася, бо трапіла ў шпітал пасля кантузіі, адтуль у новую частку, а ўвесну 1943 пасля нараджэння сына Канстанціна была дэмабілізаваная.
Паколькі малы быў хваравітым, увесну 1945-га Зінаіда Бандарына пакінула Маскву, вярнулася на радзіму — працавала ў Мінску ў часопісе «Бярозка» і спецкарам дзіцячага вяшчання на радыё.
А праз год раптоўна вярнуўся муж, які лічыўся загінулым — і перавёз сям’ю чамусьці не на сваю радзіму, у Маскву, а на радзіму жонкі, у Гродна. І прапаў з яе жыцця ўжо канчаткова. «З’ехаў на гастролі, з таго часу ўжо не з’яўляўся», — згадвала Бандарына.
Паэтка з сям’ёй, канец 1940-х. Злева направа: брат Вадзім, сын Косця, Зінаіда, маці і бацька. Фота з фондаў музея гісторыі беларускай літаратуры
Пад канец жыцця «прызналі пісьменніцай»
На малой радзіме яна працуе дырэктарам Дома народнай творчасці. І, між іншым, маючы на руках малое дзіця, арганізуе такі абласны фестываль народнай самадзейнасці, што ўражвае ўсё мясцовае кіраўніцтва і грамадскасць.
Паралельна яна натхняе людзей у раёнах аб’ядноўвацца ў самадзейныя калектывы. Але душа ляжыць усё ж да пісьменніцтва, і зрэдчас друкавацца ў «Гродзенскай праўдзе» ёй недастаткова. Таму, калі ў 1948 годзе ў Вязынцы адчыняецца філіял музею Янкі Купалы — яна літаральна ўбіваецца туды загадчыцай, не дзеля адміністрацыйнай пасады, а каб глыбей вывучыць жыццё і творчасць улюбёнага паэта.
Няўрымслівая, палкая, яна аддавалася гэтай справе ад душы, шмат перапісвалася з Уладзіславай Луцэвіч, удакладняючы пэўныя факты і нават сама сябе паўжартам называла «шалёнай Зінай».
1950-я. Фота з фондаў музея гісторыі беларускай літаратуры
Як вынік — у 1956-м выходзіць у свет ейная аповесць «Ой, рана на Івана», якая, хоць і не без сацрэалізму, распавядае пра дзіцячыя і юнацкія гады Купалы, была перакладзеная на ўкраінскую і расійскую мовы, і якую, між іншым, дагэтуль чытаюць беларускія школьнікі.
На гэты час яна зноў працавала ў газетах — «ЛіМ», «Зорка». Аднак толькі ў 1957-м Бандарыну ўключылі ў савецкі Саюз пісьменнікаў.
Была ў планах Бандарынай і аповесць пра Якуба Коласа, яна нават пачала збіраць матэрыялы і з’ездзіла ў творчую камандзіроўку на малую радзіму пісьменніка. Але — акурат па вяртанні з гэтай паездкі, у красавіку 1959-га паэткі не стала. Па афіцыйнай версіі — збіла машына, але хадзілі чуткі і пра самагубства.
Пахавалі яе на Усходніх могілках у Менску, а зборнік яе выбраных вершаў, якія, верагодна, збіраў для друку старэйшы брат Вадзім, так і не ўбачыў свет. Ва ўнутранай рэцэнзіі выдавецтва, як пазней стала вядома даследчыкам, яго прапаноўвалася скараціць больш як удвая, выкінуўшы «мастацка слабыя», «непісьменныя» і «пранізаныя матывамі смутку і адзіноты» творы, бо нібыта ў апошнія гады жыцця аўтарка з прычыны працяглай хваробы «знаходзілася ў стане душэўнай дэпрэсіі».
Такім чынам, апошняй кніжкай Бандарынай, якая зноў жа ўбачыла свет пасля смерці стваральніцы, стаўся зборнік дзіцячых апавяданняў «Лясныя госці» (1960).
Працяг ёсць
І ўсё ж — імя Зінаіды Бандарынай ніякім цэнзарам не ўдалося выкрасліць з гісторыі беларускай літаратуры. Некалькі артыкулаў пра яе жыццё і творчасць, у прыватнасці, выдаў у свой час Станіслаў Шушкевіч. Таксама глыбока даследуе тэму жаночай паэзіі кандыдатка філалагічных навук Аксана Данільчык, закрываюць белыя плямы іншыя гісторыкі літаратуры, журналісты і краязнаўцы.
«Гісторыя беларускай літаратуры, прынамсі, той, якую выкладаюць у навучальных установах, не можа лічыцца поўнай без трох жаночых постацяў: Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай і Яўгеніі Пфляўмбаўм — самых яркіх прадстаўніц жаночай часткі «маладнякоўскага» пакалення, — зазначыла пару год таму
на навуковым семінары па «маладнякоўцах» Аксана Данільчык. — У кожнай аўтаркі ёсць выдатныя вершы, якія, я ўпэўненая, былі б цікавыя і сучаснікам».
Беларусы могуць праверыць справядлівасць гэтага цверджання: у 2023 годзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшла кніга выбранай паэзіі Зінаіды Бандарынай «Да новага заўтра». У яе ўвайшлі як вершы з прыжыццёвых зборнікаў неардынарнай аўтаркі, так і вершы, якія раней ніколі не публікаваліся.