Заснавальнік фонду Kamunikat.org: Працягнем працу на карысць Беларусі, нягледзячы ні на што
2023-07-24 23:04
Kamunikat.org мае ў сваіх архівах тысячы беларускіх кніг, аўдыякніг і перыёдыкі розных перыядаў і ні ў якім разе не збіраецца спыняць сваёй працы на карысць Беларусі.
Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала найбуйнейшую беларускую інтэрнэт- бібліятэку Kamunikat.org. Пры спробе зайсці на старонку з Беларусі з'яўляецца паведамленне пра забарону доступу да рэсурсу.
Kamunikat.org мае ў сваіх архівах тысячы беларускіх кніг, аўдыякніг і перыёдыкі розных перыядаў і ні ў якім разе не збіраецца спыняць сваёй працы на карысць Беларусі, кажа заснавальнік праекту, а таксам наш рэдакцыйны калега з Падляшша Яраслаў Іванюк:
-Так, сапраўды, наш сайт заблакіраваны ў Беларусі. Цяжка разважаць пра прычыны такога рашэнне, мы ўсе даўно звыклі да таго татальнага беззаконня ў Беларусі і гэта тычыцца не толькі блакіроўкі выданняў, але перад усім, долі палітвязняў. Магчыма, улады Беларусі прынялі канчатковае рашэнне, адносна блакіроўкі «Камунікату» пасля таго, як мы абшырна высвятлялі абставіны смерці мастака Алеся Пушкіна, якога фактычна забілі ў турме, але і раней у нас з’яўяліся паведамленні ад беларускіх праваабаронцаў.
Прычыны блакіроўкі не такія важныя, важна тое, што «Камунікат» патрэбны людзям, і пра гэта сведчыць статыстыка наведвання нашага сайту, на якім сабрана больш за 50 тыс. беларускіх выданняў абсалютна рознага тыпу. Я, як заснавальнік, Kamunikat.org магу запэўніць, што мы працягнем нашу працу, будзем ўзбагачаць нашыя зборы, выдаваць кнігі і запісваць беларускія аўдыябукі – гэта праца на карысць беларусаў і Беларусі. (...)
Яраслаў Іванюк нагадаў, што Kamunikat.org паўстаў як інфармацыйны бюлетэнь Беларускай службы Польскага радыё і заклікаў карыстацца зместам інтэрнэт-бібліятэкі праз іншыя дамены і платформы, дагэтуль даступныя ў Беларусі.
А падрабязней пра працу фонду Kamunikat.org і яго новыя праекты слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж