Запускаем новы падкаст — “Каля літаратуры”. Першая госця — псіхалагіня Надзея Гарадніцкая
2023-09-27 17:36
“Каля літаратуры” — назва летуценная і неабавязковая, як гутаркі на гаўбцы. Тут магчыма ўсё і здараюцца ўсе. Бо з літарамі не сябруюць толькі безнадзейныя афэлкі. Патаемнае жыццё літаратурнай прасторы шырэй за клуб прафесійных райтараў і ажыятажны попыт на Гары Потэра. Почырк, стыль, гульні розуму, эмацыйныя траблы, інтэрвенцыі сэнсаў і сакрэтныя жарсці — таксама літаратура. Дакладней — “Каля літаратуры”.
Літрадыё запускае новы падкаст — “Каля літаратуры”. Госці — людзі, звязаныя з літаратурай, але не наўпрост. Ці звязаныя не толькі з літаратурай. Таму размовы балансуюць на мяжы пісьменніцтва і іншых дысцыплін.
Госця першага падкасту Надзея Гарадніцкая мае дыплом перакладчыцы мастацкай літаратуры, але яшчэ падчас вучобы ведала, што пераклад — не тое, чым яна хоча займацца. Новай сферай цікавасці стала псіхалогія. Яе Надзея спасцігала ў БДПУ, Маскоўскім інтытуце псіхааналізу, Асацыяцыі аналітычнай псіхалогіі і іншых важкіх установах. Сёння Надзея вядзе тэрапеўтычныя групы і дае кансультацыі, аднак цікавасці да літаратуры не страціла. Лічыць, што творчасць дае нам бязмежныя магчымасці для самавыяўлення і наша жыццё без мастацтва было б значна бяднейшым.
У падкасце Надзея адкажа, ці праўда, што ўсе пісьменнікі трохі вар’яты, і чаму адны пішуць няўпэўнена і ў стол, а іншыя — упэўнена і на продаж. А таксама раскажа, ці праўда, што з творчым чалавекам цяжка жывецца, ці патрэбен пісьменніку псіхолаг, а таксама ці можна прапрацаваць усе свае траўмы і перастаць нарэшце мучыць навакольных сваёй творчасцю.