Пісьменнік, журналіст і бард Зміцер Бартосік у сваёй новай кніжцы «Забіць упалмінзага» распавядае пра паваенны супраціў у былой Маладэчанскай вобласці Беларусі. У снежні кніга атрымала трэцюю прэмію імя Гедройця і мелася стаць бомбай, якая б магла, «можа, цэламу народу змяніць уяўленне пра самога сябе». Але ці так сталася? Пра гэта, а таксама пра тое, чаму «беларусы не былі ніякімі зайчыкамі», Белсат паразмаўляў з аўтарам кнігі.
«Упалмінзаг» — абрэвіятура з бальшавіцкай навамовы. Калі па-людску (хоць таксама не зусім), то гэта ўпаўнаважаны міністэрства нарыхтовак (уполномоченный министерства заготовок).
«Якое, дарэчы, страшнае слова! Гэта табе не камсорг з зампалітам. Гучыць як імя персанажа з серыі раманаў пра Гары Потэра — Лорд Вальдэморт! Толькі постаць зусім не фантазійная, а цалкам змрочная у тутэйшай пасляваеннай рэальнасці...» — тлумачыць у кнізе Зміцер Бартосік.
А літаральна праз абзац дае ўрывак з судовай справы: «...Летом 1948 года банда Жихаря в деревне Рудевичи Поставского района убила агента Уполминзага и двух работников лесничества...». Падобных вытрымак з матэрыялаў крымінальных справаў у кнізе «Забіць упалмінзага» — нямала...
«Шэкспір, няйначай!»
«Белсат»: — Зміцер, адкрываю кнігу і вачам сваім не веру — «другое выданне»?
Зміцер Бартосік: — Так, насамрэч «Забіць упалмінзага» выйшла спачатку ў выдавецтве «Радыё Свабода», бо ўсё гэта рабілася ў межах серыі «Падарожжы Свабоды». Але кнігу выдалі там накладам усяго 100 асобнікаў, таму яна адразу зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю. Гэта, канешне, цешыла маё самалюбства (смяецца), але з іншага боку — засмучала. І вось
Яраслаў Іванюк прапанаваў перавыдаць яе на
«Kamunikat.org». Так што гэта і праўда другое выданне. І вокладка іншая. Дызайнер Артур Вакараў распавядаў мне, што ледзь хату сваю не спаліў, пакуль рабіў дзюрку ў чырвонай зорцы для новай вокладкі.
— Як у дэтэктыве: табе перадаюць тэчку з дакументамі, якая ў свой час цудам трапіла ў рукі вядомага беларускага гісторыка Міхася Чарняўскага, хоць павінна была назаўжды згінуць у архівах КГБ. Судовыя справы, паўстанне ў Крыжоўцы... І ты адпраўляешся ў вандроўку па былой Маладэчанскай вобласці, каб «уратаваць рэальнасць». Колькі дзён і кіламетраў наматаў па Беларусі?
— Ведаеш, тут справа не ў кіламетрах, бо ўсё абмяжоўвалася якраз тэрыторыяй не існай ўжо Маладэчанскай вобласці, а яна ж ад Менску не так і далёка. Справа ў тым, што я па-іншаму стаў глядзець на гэты край. Не магу сказаць, што я быў гэткім савецкім дурнем, які цалкам прымаў карціну савецкай прапаганды: вайна, пасля прыйшла савецкая ўлада, і ўсе радасна пайшлі ў калгасы, а стралялі хіба толькі недзе ў заходняй Украіне ці ў Літве — тут панавала «сталінская радасць».
Вядома, я быў далёкі ад такой карціны, але я не ўяўляў сабе ні маштабу стыхійнага супраціву, ні багацця сюжэтаў, якія ў той час разгортваліся на гэтай тэрыторыі. А гэта былі абсалютна дзікія сюжэты! Будучы старшыня калгасу хоча застацца чалавекам і адначасова лаяльным уладзе — і даводзіць сябе, можна сказаць, да самагубства. Ці бабін бунт у Крыжоўцы, дзе людзі змагаліся за свой ураджай: пасеялі на сваім поле, а ураджай — ужо калгасны. Ці праявы абсалютнага крымінальнага характару: забойствы ўпалмінзагаў, фінагентаў і гэтак далей. І гэта ж не таму, што людзі спрэс разбойнікі і забойцы! На крымінальны шлях яны сталі, таму што ў іх забіралі зямлю.
— Самай важнае і каштоўнае, што ў іх было.
— Так. А якія там разгортваліся сюжэты з любоўнымі трыкутнікамі! Дзяўчына піша антысавецкі данос на сваю саперніцу, маўляў, тая слухае «Радыё Свабода». Ці, наадварот, хлопец піша на свайго саперніка...
Такога багацця сюжэтаў я проста не чакаў. У мяне падчас кожнай паездкі сківіца адвісала. Бо адна справа, калі чытаеш сухую канцылярскую мову судовых пратаколаў, а іншая — калі табе жывой мовай вывальваюць такую прыгажосць пра гэтых персанажаў. Шэкспір, няйначай! Шыкоўны!
«Каб палілося радыё БССР»
— Колькі часу заняла праца над кнігай?
— О, гэта я проста прыгожа распісаў, як я сеў, паехаў — і ўсё ў мяне атрымалася. Не! У мяне доўга ні халеры не атрымлівалася, таму што я рабіў галоўны акцэнт на справу Крыжоўкі.
— Пра гэта — у адным з першых раздзелаў «Не хацеў уступаць у гасударства гэта»?
— Менавіта. Я не мог знайсці гэтую Крыжоўку! Два разы ездзіў. А аказалася, што ад вёскі засталіся толькі тры хутары, на рознай адлегласці адзін ад аднаго. Хата стаіць, а праз поле — другая. І гэта ўсё Крыжоўка. Я не ведаў гэтага. Толькі выпадак дапамог. Ну а як з Крыжоўкай ужо атрымалася, я зразумеў, што можна смела ездзіць і далей. І закруцілася! Я і ў Воршу паехаў, да сваячкі чалавека, якога пасадзілі за няплату падаткаў і які памёр у турме, давёўшы сябе да знясілення.
— Некалькі гадоў пісаў кнігу?
— Слухай, ну я не пісаў кнігу, і ніколі кніжак не пісаў — я рабіў перадачу. Вельмі любіў яе, і лічу, што гэта мая галоўная ўдача. І асноўнай маёй публікай былі дзяды, якія слухалі «Свабоду» яшчэ на старэнькіх «VEF»-ах і «Спідолах». Для іх гэта было як вечаровая служба — выцягнуць антэну, настроіцца на патрэбную хвалю і слухаць. Гэта для іх я быў нейкай зоркай. Для новага ж пакалення «Свабода» — ужо не радыё, а сайт.
Калі зніклі хвалі, мае «Падарожжы» выкладвалі на «SoundCloud», але, падобна, праслухоўванняў было няшмат. Заставалася цешыць сябе тым, што калі-небудзь, праз 100 гадоў, калі мяне не будзе, хтосьці ацэніць мой унёсак у радыёмастацтва. Бо, ведаеш, я праседжваў гадзінамі ў аўдыёаддзеле Нацыянальнай бібліятэкі, праслухоўваючы эстраду сталінскай эпохі. Гэтыя песні пра калгасы, Сталіна, Леніна і камунізм. І пра каханне, ага. І там вельмі шмат музычных шэдэўраў, калі, канешне, не ўдавацца ў сэнс словаў, а ацэньваць толькі як музычны твор. Аж крыўдна, што яны так і не сталі шырока вядомымі...
— Ты гэта ацаніў як бард і музыка.
— Абсалютна. Выдатныя песні. І вось гэтай музыкай я расквечваў свае перадачы. Ствараў, можна сказаць, машыну часу — з хрыпеннем, шыпеннем ды іншымі эфектамі цэлай той эпохі, — каб палілося радыё БССР узору 1949 ці 1950 года. Адшукваў яшчэ смешныя цытаты ў раёнках таго перыяду, каб даць кантэкст і каб мой слухач, у тым ліку і будучы, адчуў, што апынаецца раптам у Маладэчанскай вобласці 1950-х...
«Чатыры разы я перапісваў гэтую кнігу!»
— Але ты і ў кнізе цытуеш радкі з забытых музычных твораў — з частушак, рамансаў...
— Кніжка — гэта іншае. Яна абсалютна не падобная на мае радыйныя рэпартажы. Я думаў, будзе як заўжды: складу усе тэксты да кучы — і будзе кніжка. Хацеў зляпіць з асобных снежак аднаго вялікага снегавіка. Планаваў, што аддам Дубаўцу (Сяргей Дубавец — рэдактар выдання — рэд.), той паправіць памылкі — і гатова.
Ха, Дубавец меў іншае меркаванне. Ён заявіў, што мы не будзем рабіць другога «Верабейку» («Быў у пана верабейка гаварушчы...» — другая кніга Змітра Бартосіка з цыклу «Падарожжы Свабоды» — рэд.), дзе ў мяне ўсё было проста: перадача — тэкст, перадача — тэкст. Дубавец паламаў усю маю структуру, за што, дарэчы, я яму вельмі і вельмі ўдзячны. І ў выніку я перапісваў кнігу чатыры разы. Чатыры разы я перапісваў вось гэтую кнігу! Першы раз перарабляў у 2021 годзе ў Адэсе, а канчатковы варыянт рабіў ужо ў Варшаве.
«Магчыма, гэта бомба запаволенага дзеяння»
— Міхась Чарняўскі лічыў, што дакументы, на якія ён натрапіў і якія потым апынуліся ў тваіх руках, — гэта бомба. «Зміцер Бартосік выпраўляецца ў падарожжа... У руках аўтара апынаецца бомба», — чытаем на задняй вокладцы другога выдання «Забіць упалмінзага». Ці тая бомба выбухнула?
— На жаль, не. Магчыма, гэтая бомба мае механізм запаволенага дзеяння — і калі-небудзь яшчэ рване. Але праз колькі пакаленняў, я не ведаю. Бомба спрацуе, напэўна, тады, калі гэтая старонка нашай гісторыі будзе прачытаная і ўсвядомленая нейкай крытычнай масай народу, няхай сабе 10 %. Калі зойме дастойнае месца ў гістарычнай свядомасці.
— А што ўвогуле выбуховае ёсць ў гэтай кнізе?
— Распавядаю ў ёй пра тое, што жыхары Беларусі не былі ніякімі зайчыкамі. І не былі, ад самага пачатку, ні сталіністамі, ні «савецкімі людзьмі». Канешне, калі доўга маўчаць, то дзеці ці ўнукі могуць паверыць у такую хлусню. А гэта была хлусня! Беларусы адказвалі на гвалт гвалтам, адказвалі супрацівам, калі баранілі сваю зямлю і сваіх каханых. Як усе нармальныя людзі.
— І не здавалі сваіх сваякоў ці суседзяў, калі тыя прыходзілі да іх з лесу паесці ды выспацца... Мне здаецца, што «Забіць упалмінзага» не здэтанавала таму, што кніга крыху спазнілася — усіх накрыла выбуховай хваляй 2020 года. Не?
— Можа быць, і так. Я не ведаю, ў мяне няма адказу на гэтыя пытанні.
— Ты пішаш у кнізе, што ў 2020 годзе некаторыя сведкі падзеяў 70-гадовай даўніны ўжо адмаўляліся дзяліцца ўспамінамі. Баяліся?
— Некаторыя людзі баяліся, так. Бо паваенная тэма застаецца небяспечнай, таму што людзі, якія пацярпелі, не былі рэабілітаваныя. Гэта не ахвяры 1930-х гадоў, многія з якіх былі пазней апраўданыя. Асуджаныя ў 1950-х дасюль застаюцца «ворагамі народу», бандытамі, крымінальнікамі і гэтак далей. Разумееш? А іх сваякі — дзецьмі ці ўнукамі «ворагаў народу».
Мне адна гераіня так і гаворыць: «Я ж пляменніца бандыта. Як мне жыць з гэтым?». Хаця ніякі ён, зразумела, не бандыт. Таму так, былі выпадкі, калі мне так і не ўдалося разгаварыць суразмоўцаў. Я нічога новага не дазнаўся пра «Арлоўскі атрад», які меў нават сваю прысягу і байцам якога прысудзілі па 25 гадоў лагераў. Шкада. І самае сумнае, што другога шанцу ў мяне, напэўна, не будзе, бо я не ведаю, калі зноў дабяруся да Беларусі. Праз 5, 10, 15 гадоў?.. Нават калі праз пяць, гэтых людзей там ужо можа не быць...
«Хутар — гэта свабода»
— Твая кніга можа ўспрымацца і як своеасаблівы гімн хутарам паўночна-заходняй Беларусі. Вандруючы па былой Маладэчанскай вобласці, ты адчуў яе адметнасць ды іншасць?
— Так, для гэтага не трэба быць вялікім этнографам. Гісторык Алесь Белы наўпрост называе гэты рэгіён Беларусі «Усходняй Літвой». Тут сапраўды пануе хутарская культура. Тут чуеш дзіўную мешаніну моваў, гучаць рыма-каталіцкія імёны жыхароў. Нават сваімі пейзажамі гэты край адрозніваецца ад астатняй Беларусі. А ягоныя межы амаль супадаюць з межамі — памятаеш? — той самай легендарнай Вейшнорыі (смяецца).
Фота: Pen Belarus
— У тваёй кнізе гучыць думка пра тое, што бальшавіцкія ўлады потым мэтанакіравана знішчалі хутары, бо добра ўмелі «распазнаваць сабе ворагаў». Бальшавікі разумелі, што хутарскіх людзей ужо не выправіць нават калхозамі.
— Так, гэта вельмі свабодныя людзі. А думка гэта не мая, а аднаго з маіх экспертаў. Але думка вельмі і вельмі правільная. На жаль, 70 гадоў таму яна прыйшла ў галаву і службоўцам Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Хутар, канешне ж, вораг савецкай улады. Хутар — гэта свабода. Гэта незалежнасць.
— Будынак былога КГБ у Вільні. Музей акупацыі і змагання за свабоду. Ты выходзіш з яго на сонечнае святло з думкай: замяні ў музеі шыльдачкі з літоўскімі прозвішчамі на беларускія — і ўсё стане на свае месцы...
— Так. Мала што б змянілася. Варта пахадзіць па тым музеі, каб зразумець, колькі літоўцаў працавала на савецкаю ўладу — у органах МГБ, следчымі і г.д. У кожным народзе знойдзецца маса людзей, якія дзеля прасоўвання па сацыяльнай лесвіцы ідуць на супрацу з кім заўгодна...
І былі лясныя браты, пра якіх склаўся міф як змагароў за незалежнасць Літвы. Хаця я думаю, што матыў у іх быў той жа самы: адабраная зямля, крыўда за забраную зямлю. Былі там, зразумела, і незалежнікі, афіцэры літоўскай арміі. Але асноўная маса — гэта пакрыўджанае сялянства.
«Яны не змагаліся за свабодную Беларусь. Яны змагаліся за свае хутары»
— Але ў літоўцаў быў важны нацыянальны складнік. Бунтавалі не толькі за зямлю, але і за мову.
— Не хацеў гэтага разжоўваць. Хацеў, каб чытач сам дапяў: без нацыянальнага складніку нічога не будзе. Гэта неабходны інгрэдыент.
— Гэтага нацыянальнага складніку, нацыянальнай свядомасці бракуе героям тваёй кнігі?
— Яны тутэйшыя. І, зразумела, яны не змагаліся за незалежнасць Беларусі. Не змагаліся за свабодную Беларусь. Яны змагаліся за свае хутары і за сваю зямлю! Гэта быў стыхійны і дзікі супраціў. Яны кідаліся на тых самых упалмінзагаў, як сабака кідаецца на таго, хто забірае ў яго астатнюю ежу.
Гэтыя людзі не ўмелі прыгожа выснаваць і сфармуляваць свае прэтэнзіі. Але ж на якой мове спрабавалі гэта зрабіць? У кнізе я не змяніў ні слова. Гэта не «Верабейка», дзе ўсе героі ў мяне гавораць прыгожай і чыстай тарашкевіцай. Тут калі па-расейску — то па-расейску. Але па-расейску там говорыць хіба толькі былы чыноўнік Маладэчанскага абкаму партыі. Усе словы я падаваў так, як са мной гаварылі і як засталося ў мяне на стужцы. І па гэтых словах бачна, хто яны ёсць. Гэтыя людзі ніякія не палякі і не рускія. Па мове яны — абсалютныя беларусы.
На жаль, іх бунт быў асуджаны на паразу. Але гэта не значыць, што ён быў бессэнсоўны. Бессэнсоўны ён будзе тады, калі мы не асэнсуем яго, калі нашыя дзеці забудуць пра гэтую драму. Паўстанні ў 1831-м ці ў 1863 годзе таксама былі асуджаныя на паразу. Але потым — асэнсаваныя: на іх аснове ствараліся нацыянальныя міфы. І забытая вайна пасля вайны канца 1940-х мусіць асэнсавацца. Калі не намі, дык наступным пакаленнем.
Я нават верш прыдумаў. Я ім падпісваю гэтую кнігу: «Нам лёс не прадугледжваў працяг. Мы знікнуць мусілі ў цемры незваротнай. Але мы застаёмся жыць. Хаця б Імёнамі на аркушах пажоўклых. За свой адчай і свой ліхі кураж Мы заплацілі мерай найвышэйшай. Хоць зрэдку ўспамінайце нас. Інакш... Нішто не мела і не мае сэнсу».
— Як нашчадак сваіх хутарскіх дзядоў, я вельмі пранікся тваёй кніжкай. Але троху бракавала мне агульнай статыстыкі, для поўнага разумення маштабу антысавецкага супраціву ў 1950-х гадах.
— А дзе ж яе узяць, тую агульную статыстыку? Немагчыма. Пачакаем. Можа, дажывём, а можа, і не. Для гэтага трэба, каб адкрыліся архівы.
— Зоймешся тады, можа, іншым рэгіёнам і напішаш яшчэ адну кнігу падарожжаў?
— З задавальненнем занурыўся б у гэта! Бо гэта самае цікавае, што было ў маім жыцці. Можа быць, ужо не паўторыцца. Гэта бясконцая дарога ад вёскі да вёскі, калі ты не ведаеш, хто цябе сустрэне і што раскажа...
— «Забіць упалмінзага»... Упалмінзаг забіты?
— Упалмінзаг жывы. Упалмінзаг жыве! Калі б ён быў забіты, мы б с табой зараз не сядзелі ў Варшаве, а спакойненька б размаўлялі ў менскай кавярні. Упалмінзаг жыве. Ён на сваім месцы. Сядзіць у сваім спадчынным кабінеце...