Зь сіняком пад вокам і перабінтаванай рукой. Пачаўся суд над Сьцяпанам Латыпавым, якога затрымалі на «плошчы Перамен»
2021-06-01 13:55
1 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну пачаўся працэс над палітвязьнем Сьцяпанам Латыпавым. Яго затрымалі 15 верасьня 2020 году ва ўласным двары — абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту.
Судзьдзя — Аляксандар Воўк, дзяржаўны абвінаваўца — Уладзімер Рабаў. Абараняюць Латыпава адвакаты Кацярына Жаўтанога і Ільля Пярхальскі — яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Латыпава абвінавачваюць у непадпарадкаваньні, супраціве, махлярстве
Сьцяпану Латыпаву выставілі абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
частак 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне патрабаваньням прадстаўнікоў улады);
часткі 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў)
часткі 4 арт. 209 (махлярства ў асабліва буйным памеры). Нібыта «ў пэрыяд з красавіка 2019 году па верасень 2020 году абвінавачаны шляхам падману і ўвядзеньня ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асобаў на агульную суму больш як 123 тысячы рублёў».
Пры ператрусе ў кватэры Сьцяпана Латыпава, які прафэсійна займаецца лячэньнем дрэваў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасьля чаго дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў рыхтаваўся труціць міліцыянтаў. Аднак гэтае абвінавачаньне зьнялі.
Сьцяпана Латыпава прывезьлі на суд зь сіняком пад вокам і перабінтаванай рукой
На пачатку працэсу судзьдзя Аляксандар Воўк паведаміў, што ад 1 чэрвеня фота- і відэаздымкі ў залях судоў дазваляюцца толькі са згоды бакоў. Дзяржабвінаваўца і судзьдзя былі супраць, таму фота і відэа забаранілі.
У Сьцяпана Латыпава — сіняк пад правым вокам, запясьце левай рукі забінтаванае, пашкоджанае левае вуха, на ўказальным пальцы правай рукі — пластыр. Адвакатка бачыла яго ў пятніцу 28 траўня. Тады такіх траўмаў не было, сказала яна.
Латыпаў папрасіў дазволу карыстацца беларускай мовай. Судзьдзя дазволіў, але працягнуў весьці працэс па-расейску.
Латыпаў не прызнаў віну ні па адным абвінавачаньні
Абвінавачваньні памочнік пракурора Савецкага раёну Ўладзімер Рабаў чытаў абвінавачаньні цягам гадзіны.
Паводле сьледчых, з 2019 году да жніўня 2020 Латыпаў падманам завалодаў 123 тысячамі рублёў шаснаццаці юрыдычных асобаў — не аказаў паслугі па хімічнай апрацоўцы земляў і зьнішчэньні баршчавіка Сасноўскага.
А з 9 жніўня да 15 верасьня 2020 году,
удзельнічаў у беспарадках,
заклікаў да масавых дзеяньняў,
перашкаджаў руху транспарту,
наносіў малюнкі на фасад будынкаў,
ствараў тэлеграм-каналы і чаты,
фінансаваў пратэсты,
набываў і вырабляў атрыбутыку,
15 верасьня супраціўляўся міліцыі пры затрыманьні,
Сьцяпан Латыпаў заявіў, што не прызнае віну ні па адным эпізодзе.
Сьведкі-міліцыянты блытаюцца ў паказаньнях
Сьведка Васіль Рогаў прадставіўся міліцыянтам патрульна-паставой службы Цэнтральнага РУУС. Ён сказаў, што яго паклікалі на дапамогу калегі на вуліцу Чарвякова, 1.
«Там на трансфарматарнай будцы былі надпісы палітычнага характару. Латыпаў і іншыя не давалі зафарбаваць сьцяну супрацоўнікам ЖЭС. Мы прыбылі на месца паразмаўляць зь людзьмі, там было каля 20 чалавек. Паспрабавалі людзей адціснуць ад сьценкі, але Латыпаў не хацеў адыходзіць. Давялося ў адносінах да яго прымяніць фізычную сілу, несьці на руках, бо Латыпаў упіраўся. Паклалі Латыпава на зямлю. Ён ударыў мяне нагой у вобласьць галавы. Пад’ехала падмога, пагрузілі Латыпава ў бусік», — сказаў Рогаў.
Адвакат адзначае, што ў абвінавачваньні нічога не гаворыцца пра ўдар міліцыянту. «Што было: пагроза ўдару ці ўдар?» Міліцыянт ня змог прыгадаць, у якую частку галавы быў ўдар.
— Паглядзіце на мяне. У вас быў характэрны ацёк на твары, як у мяне? — спытаўся Латыпаў.
— Не, — адказаў сьведка.
Сьведка-міліцыянт Аляксандар Балаш сказаў, што «бачыў канкрэтны мэтанакіраваны ўдар нагой у твар». «Гэта была спроба ўдару», — сказаў ён. Ён лічыць, што пацярпеў маральна: выслухаў шмат зьняваг ад людзей і Латыпава.
Арбарыст, прамысловы альпініст: што вядома пра Сьцяпана Латыпава
Сьцяпану Латыпаву 41 год. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5-га разраду.
Сьцяпан прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні), працаваў у розных краінах сьвету.
У Менску Латыпаў меў сваё ІП, быў дырэктарам «Беларба». Ён прыводзіў у парадак, лячыў дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, у VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсэрвісам». Чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце.
За амаль 9 месяцаў, праведзеных за кратамі, Сьцяпан сядзеў у так званым «Шанхаі», што ў СІЗА на Валадарскага. Як пісаў ён пра «Шанхай» у лістах сябрам, «гэта корпус у паўпадвале з нарамі ў тры паверхі, поўны прусакоў і маргіналаў, там я ляжаў гадзінамі, абгарнуўшы твар мокрым ручніком».
У сьнежні 2020 году Латыпаў пабываў у Навінках, бо яму прызначылі псыханэўралягічную экспэртызу ў РНПЦ псыхічнага здароўя.