Юстына Карпіловіч: «Хочацца, каб кожны слухач знайшоў нешта сваё ў маіх песнях»
2025-09-27 21:42
Маладая беларуска Юстына Карпіловіч з маленства піша песні і выступае. У 16 год яна ўжо запісала два альбомы на беларускай мове. Другі альбом пад назвай Letapis плануецца таксама ў польскай версіі. Якая ідэя альбома Letapis? Ці паўставала ў яе пытанне, на якой мове размаўляць і займацца творчасцю? І чаму многія маладыя людзі ў Беларусі ўспрымаюць беларускую мову як замежную?
На гэтыя і іншыя пытанні Юстына Карпіловіч адказвае ў шчырай гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: У новым альбоме 14 розных гісторый. Можаш распавесці, якая ідэя гэтага музычнага альбома? І ён на беларускай мове, так?
Юстына Карпіловіч: Так, альбом на беларускай мове пад назвай Letapis. Гэтыя песні я вырашыла аб’яднаць такой ідэяй, паспрабавайь прадставіць у іх як мага больш супярэчнасцяў розных, якія ёсць у нашым жыцці. Паказаць адныя і тыя ж часамі матывы, але пад рознымі вугламі. Напрыклад, матыў кахання ёсць у гэтым альбоме, ён сустракаецца ажно чатыры разы, але ў кожнай песні зусім пра нешта іншае распавядае. І мне хацелася, каб кожны слухач знайшоў нешта сваё ў гэтых песнях, каб ён мог адчуць, што хаця б адна гэтая гісторыя нагадвае яго жыццё і нешта ўзяць з гэтага для сябе і мець магчымасць адчуваць падтрымку, і каб гэтая музыка дапамагала людзям у іх жыцці.
РР: З альбома якая твая самая любімая песня?
Юстына Карпіловіч: Вельмі цяжкае пытанне. Мне здаецца, што я да кожнай песні маю нейкі свой сантымент. Але, шчыра кажучы, падчас запісу больш за ўсё такой свабоды, такога камфорту адчула, калі запісвала твор «На росстані». Бо ажно на студыі ў мяне атрымалася класная супраца з гукарэжыссёрам, класныя імправізацыі. Але, напрыклад, песню «Сумны горад» таксама марыла запісаць ужо вельмі даўно. І рада, што яна з’явілася. Усе гэтыя творы мне вельмі блізкія. Песня «Віры» таксама, бо яна не павінна была быць у гэтым альбоме першапачаткова, бо яна яшчэ не была напісана, калі мы пачыналі працу. Але я яе дапісала і проста зразумела, што без яе ніяк. Таму, мабыць, вось гэтыя тры песні мне запомніліся больш за ўсё.
Цалкам гутарка — у далучаным аўдыёфайле!
Беларускае Радыё Рацыя