Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкінай і камэру «Шанхай» з пацукамі
2021-08-21 22:01
19 жніўня пасьля амаль 8 месяцаў за кратамі выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётар Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко.
Кіраўніца арганізацыі Юлія Слуцкая расказала, што для гэтага давялося прызнаць віну, сплаціць 200 000 рублёў і падпісаць прашэньне пра памілаваньне на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Асноўныя тэзісы
Наш працэс памілаваньня пачаўся на пачатку лета, а лісты Васкрасенскага трапілі ў нашу камэру за два тыдні да «вялікай размовы», іх ніхто сур’ёзна не ўспрыняў і ніхто не адказаў на іх.
Мы пайшлі на гэта не таму, што лічым сябе вінаватымі. Гэта было з большага маё рашэньне, бо з прапановай памілаваньня прыйшлі да мяне.
Не адразу прыняла гэтае рашэньне, было цяжка. Мой матыў — вельмі важна знаходзіцца на свабодзе. Я добра разумела, што будзе жорсткі судовы прысуд.
Нам ня трэба было нікога агаворваць акрамя сябе, і мы вырашылі, што гэта перажывем.
Зь Ксеніяй Луцкінай ня так атрымалася, бо яна — не сябра каманды «Прэс-клюбу». Я ня мела зь ёй кантактаў праз адваката.
Мы выпадкова сустрэліся зь Ксеніяй у мэдычным кабінэце на ўколах, і яна сказала, што ня можа прыняць тое, да чаго ня мае ніякага дачыненьня.
Наколькі я ведаю, Ксеніі выставілі новае абвінавачваньне паводле артыкулу 357 (пагроза нацыянальнай бясьпецы).
Ксенію Луцкіну і Дзяніса Сакалоўскага органы зьвязалі з «Прэс-клюбам», але наша абвінавачваньне заканчвалася 2019 годам, я тады ня ведала ні Ксенію, ні яе апэратара. Незразумела, чаму яны ішлі па адной крымінальнай справе разам з «Прэс-клюбам».
Як і няясна, чаму па гэтай справе павінен быў ісьці мой сын, які быў відэаапэратарам і гукарэжысэрам і ня меў ніякага дачыненьня да сплаты падаткаў. Як і Ала Шарко, якая займалася арганізацыяй івэнтаў і ніводнай дамовы не падпісала. І наш дырэктар, які стаў ім у жніўні 2020 году.
Сын сядзеў у вельмі дрэнных умовах, так званым «Шанхаі», 30-мэтровай камэры ў падвале на 25 чалавек. Там цыгарэты пакрываюцца цьвільлю праз тры дні, пацукі, прусакі, і ўсе паляць. Гэта пекла.
Мы пачалі даваць паказаньні пасьля 4 месяцаў па затрыманьні. На пачатку году родныя заплацілі шкоду, якую нам выставілі. Спадзяваліся, што так нас вызваляць хаця б пад падпіску ці хатні арышт. Гэта ні на што не паўплывала.
Дзіўна, што суму 200 000 рублёў назваў Раман Пратасевіч, бо яна не была ў адкрытымі доступе. Палову сумы сплацілі мае родныя, прадаўшы нерухомасьць, другая часта была сплачаная з рахунку «Прэс-клюбу».
Прызнаньне віны гучала наступным чынам: Мы рабілі івэнты, кансультаваліся з юрыстам і бугальтарам і лічылі, што не парушаем заканадаўства. Але прачытаўшы акты, пабачылі, што гэта можа трактавацца і па-іншаму, таму сваю віну мы прызнаем.
Справа «Прэс-клюбу» закрытая, зьнялі арышт з усіх асабістых рэчаў. Ці свабодныя мы людзі, пакуль ня ведаю.
Наша камэра — рэпрэзэнтацыйная выбарка новага беларускага грамадзтва — праваабаронца Марфа Рабкова, Ала Лапатко з Tut.by, нядаўна зьявілася жанчына, якая была валянтэрам, насіла перадачы на Валадарку палітвязьням, якой цяпер цяжкія абвінавачваньні выставілі.
«Прэс-клюб» ліквідаваны. Пакуль пляны — быць з маімі роднымі, хадзіць кожны дзень на прагулкі. Можа быць, пасьпею паплаваць у возеры ці зьбіраць грыбы.
Буду займацца здароўем, мне патрэбная мэдычная рэабілітацыя. Думаю пра тое, каб напісаць кнігу пра вельмі своеасаблівы шлях беларускай журналістыкі.