Юлія Кульба: Малюю трыпціх пра жыццё ў Беларусі
2020-10-08 19:03
Мастачка ды тату-майстар з Гародні Юлія Кульба стварае трыпціх пра жыццё ў Беларусі і мірны супраціў.
Першая праца дзяўчыны ўжо стала вядомай, яе выкарыстоўваюць тату-майстры па ўсім свеце, а таксама яе можна пабачыць на шматлікіх старонках у сацыяльных сетках:
– На маёй карціне намалявана дзяўчына – гэта вобраз Беларусі, той Беларусі, якую мы назіралі многа-многа гадоў. У яе заткнуты рот. Дзяўчына ў такім падаўленым стане, але я паспрабавала ў яе позірку адлюстраваць тое, што Беларусь не зламаная. Яна хоць згвалтаваная, у слязах, але не зламаная. Арнаменты, якія там выкарыстаныя, яны азначаюць „Маці” і „Зямля” – два арнаменты беларускія.
Па словах мастачкі, другая частка трыпціху паказвае тыя змены, якія адбыліся ў Беларусі:
– Я намалявала тое, што мы бачым зараз. Народ адчуў сябе народам і Беларусь на маёй цяперашняй карціне, яна зусім іншая, яна ўпэўнена глядзіць наперад. Гэта карціна другая, наогул гэта будзе трыпціх, цэнтральная частка яе гэта наша мірная рэвалюцыя. Заткнуты рот ужо не заткнуты, вецер зрывае павязку, ну і ў Беларусі нашай зусім іншы позірк.
Паводле Юліі Кульбы, трыптых будзе завершаны ў любым выпадку, як бы там не атрымалася. І якой будзе Беларусь на апошняй частцы будзе залежыць ад выніку гэтага супраціву.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча