Яшчэ адна наша навіна - Фонд Kamunikat.org адчыніў інтэрнэт-кнігарню Kamunikat.shop!
2024-06-12 14:37
Рана ці позна гэта павінна было адбыцца - Фонд Kamunikat.org адчыніў інтэрнэт-кнігарню Kamunikat.shop! Цяпер тут можна рабіць замовы на ўсе кнігі, выдадзеныя Фондам, а таксама - на кнігі партнёрскіх выдавецкіх ініцыятываў.
– Гэта дасканалая магчымасць для нашых кніг трапіць да больш шырокай аўдыторыі ва ўсім сьвеце – кажа Яраслаў Іванюк, дырэктар фундацыі
Kamunikat.org. — Дагэтуль нашы кнігі прадаваліся ў асноўным на розных кніжных кірмашах з удзелам беларускіх незалежных выдавецтваў, а таксама падчас аўтарскіх сустрэч, арганізаваных Фондам і яго партнёрамі. Праўда, мы прадавалі таксама нашы кнігі ў Інтэрнэце, але гэта было вельмі па-партызанску... Цяпер гэта будзе больш проста, зручна і сучасна.
Варта дадаць, што з канца 2021 года фонд арганізаваў больш за сотню аўтарскіх сустрэч. У асноўным у Польшчы, але таксама ў Нямеччыне, Італіі, Літве, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.
Зноў з'явілася
«Мова» Віктара Марціновіча.
— Мы ўжо друкавалі гэтую кнігу ў Беластоку ў 2022 годзе. Цяперашняе выданне стала адказам на частыя пытанні чытачоў — дадае Яраслаў Іванюк.
Таксама неўзабаве выйдзе кніга да 100-годзьдзя Васіля Быкава з яго аповесцямі «Бліндаж» і «Афганец». У выдавецкіх планах і кніга журналіста «Радыё Свабода» Алега Грузьдзіловіча «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы». Гэта «кніга вершаў для дзяцей з дарослымі», у якой аўтар тлумачыць «як гэта - быць у турме».
Перад вакацыямі павінен выйсьці таксама новы дэтэктыўны раман Змітра Дзядзенка «Гульні Цырцэй», дзеянне якога адбываецца на пачатку 1920-х гадоў мінулага стагоддзя ў пасьлярэвалюцыйнай Воршы.
— Сёлета «Камунікат» плануе выданне трох кніг беларускіх класікаў, але няхай гэта пакуль застанецца таямніцай - якіх менавіта! — дадае дырэктар Фундацыі Яраслаў Іванюк.
На сайце
Kamunikat.shop можна замовіць не толькі кнігі, выдадзеныя фондам
Kamunikat.org. Ёсць і тыя выданні, якіх з'явіліся пры падтрымцы Фонду ў супрацы з іншымі выдавецкімі ініцыятывамі.
У будучыні тут можна будзе набыць кнігі іншых незалежных беларускіх выдавецтваў.
Фонд Kamunikat.org плануе дасылаць кнігі чытачам па ўсім свеце!!!