Яраслаў Іванюк: Амаль палову свайго жыцця я прысвяціў «Камунікату»
2025-06-23 22:10
На артсядзібе фонду Mochnarte на Гайнаўшчыне адбылося святкаванне 25-годдзя Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat. org. На імпрэзу сабралася шмат гасцей. Гучалі віншаванні, уручаліся падарункі, адбыўся невялікі канцэрт пад адкрытым небам.
З гэтай нагоды паразмаўлялі з Госцем Рацыі, кіраўніком Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org Яраславам Іванюком.
РР: Дваццаць пяць гадоў для чалавека не так і шмат. Гэта яшчэ маладосць. А як для вашага праекту, для «Камунікату» 25 гадоў?
Яраслаў Іванюк: Думаю, што 25 гадоў для беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» гэта ўжо даволі сталы век. 25 гадоў таксама з пункту гледжання майго, як стваральніка гэтага праекту, то гэта таксама немалы час. У прынцыпе я амаль палову свайго жыцця прысвяціў «Камунікату». І маю свядомасць, што праект «Камунікат» гэта на сённяшні момант нешта вельмі важнае. Асабліва ў сітуацыі, калі шмат беларусаў з’ехала з радзімы, калі беларуская дыяспара — гэта некалькі сотняў тысяч, а можа нават мільён беларусаў па ўсім свеце, і для іх «Камунікат» — гэта магчымасць пагартаць беларускую літаратуру, як класічную, так і сучасную.
Пра што таксама трэба памятаць, гэта не толькі інтэрнэт-бібліятэка з традыцыйнымі электроннымі кнігамі, але таксама і аўдыё. У нас ёсць больш за 60 аўдыёбукаў, і гэта кнігі пераважна з беларускай сучаснай літаратурай, якія цяпер даступныя па ўсім свеце. І тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі заблакаваў наш галоўным дамен у Беларусі, нічога не мяняе, мы ўсюды ёсць даступныя і адкрытыя для ўсіх. Таму што па-за межамі Беларусі рэжым Лукашэнкі нічога не можа зрабіць, не можа заблакаваць, а ў самой Беларусі беларусы навучыліся карыстацца тэхналогіяй VPN і дасканала з гэтым спраўляюцца.
РР: Асабліва ўнікальным вашым праектам з’яўляецца адлічбоўка беларускай прэсы. Як вам удаецца адшукваць гэтыя на сёння вельмі рэдкія газеты, часопісы, розныя іншыя перыёдыкі?
Яраслаў Іванюк: Гэта па-рознаму. Газеты трапляюць да нас звычайна з прыватных калекцый. Напрыклад, «Нашу Ніву» падарыў нам Сяргей Дубавец. Ён таксама перадаў у карыстанне іншыя газеты, якія выходзілі ў той час, калі ён займаўся «Нашай Ніва». Гэтыя газеты, якія з міжваеннага 20-годдзя, што стаяць у нас на «Камунікаце», яны былі знойдзены на Беласточчыне, ад розных людзей мы ўзялі ў часовае карыстанне, іх адлічбавалі, вярнулі ўласнікам, а электронны фармат застаўся.
РР: А, напрыклад, як змаглі адшукаць нумары газеты «Народная Воля»?
Яраслаў Іванюк: «Народная Воля» ў Польшчы захоўваецца ў некалькіх месцах. Ёсць, напрыклад, у бібліятэцы Усходне-Еўрапейскага Дэмакратычнага Цэнтру, дзе гэтым зборам газетаў займаўся Павел Казанэцкі. А таксама ёсць «Народная Воля» ў Ośrodek Studiów Wschodnich im. Marka Karpia ў Варшаве. Мы супрацоўнічаем з адной і з другой арганізацыяй і адтуль мелі гэтыя газеты. «Народная Воля», дарэчы, шмат нам дасылала нумароў, якія ішлі ў друк. Шмат якія нумары стаяць у нас на сайце як друкарскія пэдээфы. Можна пакарыстацца, і нават калі нехта захоча раздрукаваць, то калі ласка.
Газеты, калі гаварыць пра незалежныя, то гэта меншая праблема. Бо шмат хто з маіх сяброў, з маіх знаёмых, я таксама збіралі гэтыя газеты. Калі атрымлівалі з Беларусі, прачытаў і не выкінуў, толькі захаваў у сваім архіве. Таксама я карыстаўся архівам Алега Латышонка, які мне сёе-тое даваў для адлічтоўкі. І іншых сваіх сяброў. Але гэта пра незалежныя газеты.
А цяпер на «Камунікат» трапляе вельмі шмат газет дзяржаўных з першай паловы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Там і «Звязда», і «Советская Белоруссия», «Беларуская маладзёжная», там і «Во славу Родины», ёсць і «На страже», гэта газета беларускай міліцыі, якая ў пачатку 90-х гадоў выходзіла, праўда, па-расейску, але з Пагоняй. А «Звязда», не ведаю, ці нехта памятае гэта, з аднаго боку орэн, а з другога боку бел-чырвона-белы сцяг. Я проста падумаў, калі на сённяшні дзень у Беларусь мала хто можа паехаць з тых людзей, якія хацелі б заняцца даследаваннем пачатку 90-х гадоў, то на «Камунікаце» дагэтуль яны маглі знайсці толькі незалежныя газеты, цяпер могуць знайсці і дзяржаўныя, урадавыя газеты.
Цалкам размова — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя