Яраслаў Іванюк: Адбываецца чарговы наступ на беларускую кнігу
2026-03-09 14:27
9 сакавіка 2026 года Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што КДБ
Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю незалежных
беларускіх выдавецтваў. У паведамленні сярод выдаўцоў пазначаны: Фонд
Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich
Publishing.
Каментуе Яраслаў Іванюк з Фонду Kamunikat.org:
Гэта працяг рэпрэсій, якія рэжым праводзіць у адносінах да
беларускай культуры. Апошнім часам, як усе мы добра ведаем, гэта
найбольш закранула выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Вельмі цікава, што
гэтае рашэнне КДБ прыняў якраз 3 сакавіка – гэта Дзень пісьменніка. Гэта
такі своеасаблівцы падарунак да гэтага свята для выдаўцоў.
Па словах Яраслава Іванюка, ідзе вельмі актыўны наступ на старонкі Фонду Kamunikat.org:
-Я разумею, што яны вырашылі, каб беларускім выдаўцам зрабіць
яшчэ больш праблемаў, больш складанасцяў дадаць у нашай працы, якая і
так нялёгкая і няпростая. А калі гаварыць пра тое, што дзеецца з
“Камунікатам”, гэта паслядоўны крок рэжыму, якога можна было чакаць.
Цягам бліжэйшага тыдня Яраслаў Іванюк наведае з новымі беларускімі
кнігамі Варшаву і Познань, а напрыканцы мінулага тыдня кнігавыдавец
толькі вярнуўся з сустрэчы з чытачамі ў Любліне.