Ян Роман: Гэта акцыя нашай агульнай салідарнасці
2021-08-25 16:01
Сёння ў Беластоку пройдзе акцыя салідарнасці з затрыманымі ў Беларусі сябрамі непрызнаванага ўладамі Саюза Палякаў Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам.
У час акцыі, якая пачнецца а 19-й гадзіне на Пляцы Яна Паўла ІІ каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку, адбудзецца адкрыццё адмысловай інсталяцыі, якая інфармуе пра становішча палітвязняў.
Пра гэта Антону Разумоўскаму расказаў журналіст Ян Роман, які таксама быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за пераследу ўладаў:
– Будзе ўсталявана адмысловая канструкцыя, якая з чатырох бакоў будзе ўтрымліваць партрэты Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Такім чынам яна будзе нагадваць жыхарам Беластоку і гасцям гораду, што на сённяшні дзень у Беларусі прадстаўнікі польскай меншасці ўжо 5 месяцаў знаходзяцца за кратамі і абвінавачваюцца ў злачынствах, якія яны фактычна не здзяйснялі. Гэта будзе такая акцыя салідарнасці, у межах якой будзе інсталяцыя, што нагадае ўсім людзям добрай волі, якія падзі адбываюцца зараз у Беларусі і якая датычыць не толькі прадстаўнікоў польскай меншасці, але і ўсіх беларусаў, якія пераследуюцца ўладамі Лукашэнкі, і тых, беларусаў, якія былі змушаныя ўцячы з краіны.
Анжаліка Борыс была затрымана 23 сакавіка ў Гародні. На яе склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, а затым арыштавалі на 15 сутак. Пазней стала вядома, што яна стала фігуранткай справы па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу — «распальванне варожасці». Журналіст, актывіст Саюза палякаў у Беларусі, Анджэй Пачобут таксама праходзіць па так званай “польскай справе”, за нібыта распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці. Цяпер Пачобут у жодзінскім СІЗА.
Беларускае Радыё Рацыя