Вызвалілі Паўла Мажэйку
2021-03-29 16:53
Грамадзкага дзеяча і журналіста з Горадні Паўла Мажэйку выпусьцілі з горадзенскай турмы 29 сакавіка.
Паўла Мажэйку затрымлівалі на 72 гадзіны за карціну на выставе, якая па меркаваньні пракуратуры «рэабілітавала і апраўдвала нацызм». Зь яго ўзялі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы.
Журналіст распавёў, што спачатку сядзеў у адзіночнай камэры, потым яго падсялілі да чалавека, які праходзіць па іншай крымінальнай справе. Сёньня каля 16:00 да яго прыйшла сьледчая і паведаміла, што больш няма падставаў для ягонага ўтрыманьня пад вартай. Павал Мажэйка застаецца падазраваным па справе. Абвінавачаньне яму пакуль не прад'явілі.
Генэральная пракуратура 26 сакавіка завяла крымінальную справу на Паўла Мажэйку, а таксама на аўтара карціны Алеся Пушкіна, за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». На карціне быў партрэт удзельніка антыбальшавіцкага пасьляваеннага падпольля Яўгена Жыхара.
Мажэйку затрымалі 26 сакавіка і зьмясьцілі ў горадзенскі ізалятар. Пушкін вярнуўся з Украіны, але яго не затрымалі, дома ў яго прайшоў ператрус.