Вызваленьне палітвязьняў — саступка, ласка ці пастка? Дыскусія экспэртаў
2021-08-24 22:34
Чаму вызвалілі чальцоў Прэс-клюбу? У якой ступені гэта стала вынікам санкцыйнага ціску? Ці вядуць падобныя вызваленьні да дэмаралізацыі пратэсту? У што трансфармаваўся пратэст праз год пасьля самай буйной акцыі за ўсю гісторыю Беларусі — Маршу новай Беларусі?
Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч, палітоляг Тацяна Чуліцкая і філёзаф Максім Гаруноў.
Карбалевіч
Вызваленьне чальцоў Прэс-клюбу стасуецца з заявай Лукашэнкі, што ніводзін волас не павінен упасьці з галавы бізнэсоўца, калі ён не ідзе ў палітыку.
Нядаўна ён пужаў бізнэсоўцаў, прымушаў іх ствараць у сябе прафсаюзныя арганізацыі.
Вызвалілі былога дыплямата Ігара Ляшчэню.
Гэта не прыкмета лібэралізацыі, бо саджаюць новых вязьняў.
Гэта паралельныя працэсы: ёсьць устаноўка не зьніжаць рэпрэсіі, а зь іншага боку, дэманструецца нейкая гнуткасьць.
Апошняе — вынік санкцыяў, сьведчаньне таго, што яны працуюць.
Для Лукашэнкі галоўная пагроза цяпер не пратэст, а кепская сытуацыя ў эканоміцы ў сувязі з санкцыямі.
Любая рэвалюцыя — гэта выбух калектыўнага падсьвядомага.
Для таго выбуху патрэбны зьбег самых розных абставінаў.
Летась яны зьбегліся. Зараз такога зьбегу абставінаў няма.
Сёньня новы выбух пратэстаў на парадку дня не стаіць.
Грамадзтва спрабуе адаптавацца, «акапацца» і проста выжыць.
Чуліцкая
Лукашэнку ўвесь час трэба паказваць, хто галоўны, каб пратэсты не падняліся зноў.
Тое, што вызваляюць палітвязьняў, — гэта вынік санкцыяў, размова ідзе ня толькі пра Прэс-клюб, вызвалілі таксама мэнэджара PandaDoc.
Захад паказаў, што пры наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў вяртаньне да дыялёгу немагчымае.
Лукашэнка вызваляе закладнікаў, каб некалі зьявілася вакно магчымасьцяў.
Калі ты чуеш, што людзей вызваляюць, ты радуесься, гэта нармальная чалавечая рэакцыя.
Чаму мы павінны мяняць свае адносіны да сытуацыі, калі некага вызваляюць?
Гэта складанае маральнае пытаньне — ці варта таргавацца наконт вызваленьня палітвязьняў?
Я нязгодная з думкай, што хай людзі застаюцца за кратамі, каб у нас не было маральных спакусаў.
Калі няма сацыялягічных дадзеных, цяжка казаць пра настроі людзей.
Рэйтынг Лукашэнкі не расьце, ён у яго застаецца на ўзроўні 20%, максымум 30%.
Гвалт людзі не падтрымліваюць, нават тыя, каго мы называем «ябацькамі».
Мэтафара пра «пажар на тарфяніку» дагэтуль слушная.
Калі б сытуацыя нармалізавалася, такі маштаб гвалту, які працягваецца, быў бы проста непатрэбны.
Гаруноў
Лукашэнка, вызваляючы чальцоў Прэс-клюбу, гаворыць на старой палітычнай мове, на мове да жніўня 2020 году.
Тады ў Беларусі, па вялікім рахунку, не было палітычнай нацыі.
Для людзей без нацыянальнай сьвядомасьці такі жэст — вызваленьне палітвязьняў — сапраўды дэмаралізуе і дэмабілізуе пратэставыя настроі.
Але ў Беларусі сытуацыя зьмянілася.
Гэтым вызваленьнем Лукашэнка ніякіх ачкоў для сябе не набраў.
Ён не разумее новай палітычнай мовы Беларусі.
Летась бомба выбухнула, а тое, што мы бачым цяпер, — гэта руіны ў выніку таго выбуху.
У нас са Зьмітром Лукашуком выйшла кніга, дзе сабраныя 85 інтэрвію з выбітнымі беларускімі інтэлектуаламі наконт беларускай нацыянальнай ідэі.
Калі мы яе друкавалі, я сумняваўся, што яе нехта купіць, яна была вельмі дарагая.
Наклад разьляцеўся за 4 тыдні.
Празь некалькі тыдняў за захоўваньне гэтай кнігі людзей прыцягвалі да адказнасьці.
Беларусь — някніжная краіна.
Тое, што людзі сталі трымацца за гэтую кнігу, — гэта цывілізацыйны скачок.
Што было раней
19 жніўня, пасьля амаль 8 месяцаў за кратамі, выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётар Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко.
20 жніўня на волю выйшлі мэнэджар IT-кампаніі PandaDoc Віктар Куўшынаў і былы дыплямат Ігар Ляшчэня.
23 жніўня на волю выйшаў Дзяніс Сакалоўскі, былы апэратар БТ, затрыманы ў «справе Прэс-клюбу».