Выйшла кніга з дзвюма містычнымі гісторыямі з Беларусі
2025-07-28 16:37
У выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшла новая кніга аўтарак Тафілі Багач і Паўліны Кот «Паспець да цемры. Містычныя гісторыі з Беларусі». У выдавецтве кажуць, што дзве гісторыі напісаны знанымі беларускімі аўтаркамі, якія схаваліся за псеўданімамі.
«Летам прывіды ў Мінску знікаюць праз недахоп вільгаці ў паветры. Горача і суха — няма вялікай ракі», — піша Паўліна Кот. Але ў волкім паветры кватэры нумар нуль гераіня яе аповеду пастаянна адчувае чужую прысутнасць, ад якой можна падкінуцца ўночы. Хто раней завітваў у гэтую сталінку ля ГУМа?
У аповесці Тафілі Багач дзве пары вачэй уважліва назіраюць за людзьмі ў беларускай правінцыі і робяць свае высновы. Такія ціхія і такія непрыкметныя стварэнні. Хоць на іх спінах расце чорная поўсць — яны доўга застаюцца блізкімі суседзямі вяскоўцаў без таго, каб іх нехта заўважыў.
Кніга ўжо ў
продажы ў кнігарні «Кнігака» ў Варшаве. Поўны спіс месцаў, дзе неўзабаве можна будзе купіць кнігу глядзіце
тут.