Выйшаў зборнік паэзіі полькі, якая піша па-беларуску
2025-09-10 15:06
У выдавецтве Рамана Цымберава пабачыў свет дэбютны паэтычны зборнік «Цыбульныя косы» Магдалены Лаеўскай, полькі, якая піша вершы па-беларуску.
Кніга вершаў «Цыбульныя косы» — беларускамоўная быццёвая споведзь этнічнай полькі, дзе на шэраг экзістэнцыйных пытанняў дадзены прачулыя паэтычныя адказы.
Магдалена Лаеўская нарадзілася ў 1981 годзе ў Познані. Там скончыла польскую філалогію ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў 2005 годзе. На пятым курсе ўдзельнічала ў гадавой стыпендыі Erasmus у Ляйпцыгскім універсітэце, дзе напісала працу пра Конрада Цэлціса і пачатакі Адраджэння ў Польшчы. У 2006 годзе паехала ў Беларусь працаваць выкладчыцай польскай мовы.
Упершыню вершы аўтаркі па-беларуску надрукаваў часопіс «Дзеяслоў» у 2023 годзе.
Жыве пад Магілёвам.
Падборку вершаў можна пачытаць на сайце часопіса
Taubin.
Замовіць кнігу можна на сайце
Kniger.by або купіць у краме ў цэнтры Менску ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай (ралеты 41–42, пн-пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, ндз з 11 да 16). Раз на месяц дастаўка кур’ерам у Варшаву і Вільню.