Вырашаецца лёс беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім
2023-05-15 13:26
Кураторыя асветы ў Беластоку хоча змяніць запісы ў статутах гэтых навучальных устаноў, якія датычаць абавязку вывучэння беларускай мовы. Важна падкрэсліць, што абодва ліцэі існуюць амаль 80 гадоў, яны ствараліся менавіта на патрэбы беларускай нацыянальнай меншасці.
„Мы павінны абараніць наш ліцэй”, – кажа прадстаўніца бацькоўскай рады гайнаўскага белліцэя – Дарота Раманюк:
– Столькі гадоў функцыянавання гэтай установы, столькі выпускнікоў, якія звязаныя з гэтым месцам, як са сваёй сям’ёй. Беларускі ліцэй, беларуская мова не перашкаджае, а дапамагае, каб гэтыя дзеці лепш развіваліся. Нельга ліквідоўваць ліцэй, трэба за яго змагацца.
Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, прафесар
Алег Латышонак, лічыць, што пытанне беларускіх ліцэяў шчыльна звязанае з агульнай палітычнай сітуацыяй:
– Безумоўна гэта палітычная справа, паколькі ўсё цяпер палітыка. За што б не ўзяліся, гэта будзе палітычная справа. А тут маем дачыненне са школамі беларускай нацыянальнай меншасці. Вядома, якія адносіны Польшчы і Рэспублікі Беларусь. Пра гэта сведчаць лісты Святланы Ціханоўскай, што гэта ўжо палітыка.
Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным гукавым файле.
На сайце
petycjeonline.com ідзе збор подпісаў пад петыцыяй да Падляшскай кураторыі асветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы, якую ўжо падпісалі 15 беларускіх арганізацый.
Беларускае Радыё Рацыя