- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кніга вершаў, якую чытач трымае ў руках, ахоплівае падзеі чалавечага лёсу і даваенных, і пасляваенных пакаленняў беларускага насельніцтва беластоцкага краю. У ёй — водгук жыцця апошніх трох чвэрцяў ХХ стагоддзя, калі за кропку адліку ўзяць год нараджэння яе аўтара. Што ж адбылося за гэты час на Беласточчыне? Адгрымела другая сусветная вайна, канчаткова вызначыўшы межы Польшчы і Беларусі. Ці захавала насельніцтва гэтага краю свае звычаі, абрады, мову і песні? Нешта захавала. Беларускія сяляне могуць яшчэ і паразмаўляць па-беларуску і паспяваць у застоллі свае спрадвечныя песні. А вось моладзь, іх дзеці і ўнукі, амаль не ведае ні сваёй роднай мовы, ні песень. Яна асімілявалася, і ў гэтым ёй памаглі яе бацькі, дзяды і бабулі. У беларусаў няма імунітэту ад асіміляцыі, ад разбурэння свайго нацыянальнага ўкладу жыцця і страты духоўнай спадчыннай культуры. Такімі зрабіў беларусаў на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў іх гістарычны лёс. Беларусы ў Польшчы — нацыянальная меншасць, і асіміляцыя тут — з’ява як быццам што заканамерная. (Душа паэта, Я. Міклашэўскі, фрагмант)