“Вясна”: за тыдзень 275 сутак і 14,5 тысяч рублёў штрафаў за “дваровыя маршы”
2021-06-06 16:23
За апошні тыдзень у Мінску асудзілі 20 чалавек паводле артыкула 24.23 КаАП нібыта за ўдзел у дваровых маршах, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Усяго прысуджана 275 сутак і 14,5 тысяч рублёў штрафаў.
Паводле звестак “Вясны”, некаторых людзей затрымалі ў парку і абвінавацілі ў шэсці з БЧБ-сцягамі. Віну яны не прызналі. Сярод тых, каго затрымалі, былі і маці непаўналетніх дзяцей. Некаторыя былі ў парку з сабакамі і роварамі, але ўсе атрымалі па 15 сутак ці штрафы па 2900 рублёў.
Такі ж штраф атрымала 44-гадовая Святлана Маліноўская за тое, што здымала марш на відэа са свайго балкона.
Яшчэ чацвярых мужчын асудзілі паводле артыкула 24.23 КаАП за марш 27 траўня на вуліцы Прытыцкага.