Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай раней прысудзілді па 12 гадоў зьняволеньня.
«Апэляцыйным вызначэньнем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь вырак Менскага гарадзкога суда ад 17 сакавіка 2023 года па крымінальнай справе ў дачыненьні да Чэкінай Л.Ю. і Золатавай М.В. пакінуты без зьмены, а апэляцыйныя скаргі — без задавальненьня», — гаворыцца ў паведамленьні суду.
Прысуд уступіў у сілу.
Судовае паседжаньне прайшло ў закрытым рэжыме. У сьпісе абвінавачаных былі пяць чалавек: генэральны дырэктар «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, юрысконсульт Кацярына Ткачэнка, супрацоўніцы рэдакцыі Алена Талкачова і Вольга Лойка.
Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты «справы TUT.BY», якія да гэтага часу знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітвязьнямі. КДБ уключыў іх у сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Вырак ім суд вынес 17 сакавіка гэтага года. Кожнай — 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Крымінальная справа ў дачыненьні да трох іншых абвінавачаных — рэдактаркі палітыка-эканамічнага блёку Вольгі Лойка, журналісткі Алены Талкачовай і юрысконсульта Кацярыны Ткачэнка — прыпынена вытворчасьцю па справе да іх вышуку.
Золатава і Чэкіна былі ў кайданках падчас абвяшчэння прысуду, як і праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч.
У чым абвінавацілі фігурантак справы?
Людмілу Чэкіну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеяньняў, скіраваных на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якія ўчыненыя групай асобаў або пацягнулі цяжкія наступствы);
ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт)
Генэральная дырэктарка «Тут Бай Медыа» Людміла Чэкіна нарадзілася ў 1978 годзе ў расейскім Сергіевым Пасадзе. Бацька Людмілы — вайсковец, яе сям’я шмат разоў пераяжджала і яшчэ да распаду Савецкага Саюзу асела ў Жодзіне. Людміла скончыла спачатку юрыдычны тэхнікум з чырвоным дыплёмам, пасьля юрыдычны факультэт БДУ.
У 2008 годзе стала юрысконсультам кампаніі «Надзейныя сыстэмы» — яе прывёў у калектыў заснавальнік Tut.by Юры Зісер.
У 2012-м Чэкіну прызначылі генэральным дырэктарам «Надзейных сыстэм». Яна скончыла курс Executive MBA у бізнэс-школе ІПМ. У 2017-м узначаліла «Тут Бай Медыа».
Марыну Золатаву абвінавацілі паводле:
ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);
ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
Марыне Золатавай 45 гадоў. Яна нарадзілася ў Менску, скончыла ліцэй БДУ, філфак БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства. Дасканала ведае баўгарскую мову.
У журналістыку прыйшла ў 19 гадоў яшчэ студэнткай — спачатку на Радыё 101,2 FM, затым працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе прыйшла на Tut.by — тады сайт быў агрэгатарам навінаў, туды быў патрэбны галоўны рэдактар. Дзякуючы шмат у чым Марыне Золатавай Tut.by стаў самым папулярным інтэрнэт-парталам краіны.
Галоўная рэдактарка Тut.by мае прэстыжныя журналісцкія прэміі: у 2018-м яна была «Чалавекам году» па вэрсіі «Нашай Нівы», мае прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год), узнагароду «Reporter:innenpreis 2021», якую штогод уручае Форум рэпартэраў Нямеччыны.
Людмілу Чэкіну і Марыну Золатаву праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
Як працаваў Tut.by у 2020 годзе
Партал Tut.by прапрацаваў у Беларусі больш за 20 гадоў. 18 траўня 2021 году рашэньнем Міністэрства інфармацыі доступ да рэсурсу быў абмежаваны. У той жа дзень ранкам у рэдакцыі Tut.by зьявіліся сілавікі, а 15 яго дзейных і былых супрацоўнікаў трапілі за краты.
Беларускія чыноўнікі нават вышэйшага ўзроўню лічылі за гонар даць інтэрвію журналістам Tut.by. Папулярных карэспандэнтаў і кіраўнікоў партала запрашалі на прыёмы, прэзэнтацыі, імпрэзы. Марына Золатава разам зь некалькімі іншымі журналістамі незалежных беларускіх СМІ брала інтэрвію ў Алясандра Лукашэнкі ў 2015 годзе.
У траўні 2020 году, калі пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія, а разам зь ёю перасьлед апазыцыйных кандыдатаў, Tut.by пабіў агульнанацыянальны рэкорд: 176 мільёнаў наведваньняў цягам месяца на ўсе старонкі сайту.
У апошнія дні перад закрыцьцём сайт наведвалі 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў у дзень — кожны трэці жыхар Беларусі (згодна з дасьледаваньнем кампаніі Gemius, праведзеным у красавіку 2021 году). У кампаніі працавалі каля 200 супрацоўнікаў, больш за 70 — у рэдакцыі сайта.
Як перасьледвалі Tut.by
Пасьля пачатку пратэстаў у жніўні 2020 году журналістаў Tut.by затрымлівалі 38 разоў. Кацярыну Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў зьняволеньня за праўдзівую публікацыю пра тое, што забіты Раман Бандарэнка з «плошчы Перамен» быў цьвярозы.
Летам 2020 году нарадзіўся сумны жарт «Ва ўсім вінаваты Tut.by».
18 траўня 2021 году рашэньнем Мінінфармацыі Tut.by быў заблякаваны (фармальная падстава — згадваньне фонду BySol).
У той жа дзень завялі крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва парталу аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА 15 чалавек: галоўную рэдактарку сайта Марыну Золатаву; гендырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну і двух яе намесьнікаў; рэдактарку аддзелу палітычных і эканамічных навінаў Вольгу Лойку; журналістку разьдзелу «Грошы і ўлада» Алену Талкачову; галоўнага інжынэра Алу Лапатку; бухгальтараў, юрыстаў, іншых супрацоўнікаў.
Нават удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская была пад хатнім арыштам. Частку фігурантаў справы цягам году вызвалілі, некаторых ужо асудзілі.
Летам 2021 году Tut.by выключылі з складу рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій.
13 жніўня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
Цяпер абвінавачаных пяцёра. Пад вартай утрымліваюць былых галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву і генэральную дырэктарку Людмілу Чэкіну.
Журналісткам Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і юрыстцы Кацярыне Ткачэнцы ўвесну 2022 году зьмянілі меру стрыманьня, яны на волі.