Вярхоўны суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які дзейнічае з 1934 году
2021-10-01 18:46
Арганізацыя літаратараў існуе з 1934 году.
Рашэньне аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў агучылі 1 кастрычніка ў Вярхоўным судзе. Пра гэта паведаміла сама арганізацыя.
14 ліпеня 2021 году ў адрас грамадзкага аб’яднаньня Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне.
Яно было матывавана тым, што арганізацыя не падала своечасова запатрабаваных дакумэнтаў. Той факт, што ліст з гэтым патрабаваньнем прыйшоў у офіс у дзень здачы папераў, а на наступны дзень офіс СБП быў апячатаны Сьледчым камітэтам, Вярхоўны суд да ўвагі не прыняў.
23 і 24 верасьня ў Вярхоўным судзе Беларусі адбыліся слуханьні па пазове Саюзу беларускіх пісьменьнікаў да Міністэрства юстыцыі аб абскарджаньні пісьмовага папярэджаньня. Аднак Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле.
Міністэрства юстыцыі ініцыявала справу аб ліквідацыі СБП яшчэ ў жніўні. 24 жніўня ў Вярхоўным судзе адбылося апытаньне па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў». Выслухалі тлумачэньні і аргумэнты бакоў, запыталі дадатковую інфармацыю ў справе. Па выніках апытаньня дату судовага паседжаньня не прызначылі, бо Саюз беларускіх пісьменьнікаў падаў у Вярхоўны суд скаргу на Мін'юст.
Саюз беларускіх пісьменьнікаў быў створаны ў 1933–1934 гадах.
У 2005 годзе ад Саюзу аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, ляяльны да ўлады Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
У СБП больш за 450 сяброў.
На пачатку тыдня Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасьці СБП, запатрабаваўшы дакумэнты з 1 студзеня 2018 году да 1 ліпеня 2021 году па 27 пунктах, зьвязаных са статутнай дзейнасьцю арганізацыі.
14 ліпеня ў офіс СБП уварваліся сілавікі, правялі ператрус, апячаталі памяшканьне і канфіскавалі тэхніку.
Ператрус таксама зладзілі і ў кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча. Ён цяпер на волі пад падпіскамі аб невыдаваньні і аб нявыезьдзе.
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Сярод ліквідаваных арганізацый
Human Constanta
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Беларускі Хэльсынскі камітэт
Гродна Лайф Медыя
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
Мэдыяплятформа «Имена»
Мова нанова
Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
ПЭН-цэнтар
Тэрыторыя правоў
Цэнтар прававой трансфармацыі