Фонд «Inexkult» пры падтрымцы творчага асяроддзя збірае подпісы пад петыцыяй, у якой просіць вылучыць памяшканне на тэрыторыі Варшавы.
Фонд «Inexkult» пры падтрымцы творчага асяроддзя збірае подпісы пад петыцыяй, у якой просіць вылучыць памяшканне на тэрыторыі Варшавы, дзе мог бы весці сваю дзейнасць беларускі тэатр, адкрыты для ўсіх незалежных беларускіх калектываў, што працуюць у Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах.
Беларускаму творчаму асяроддзю патрэбна месца для сустрэч, імпрэзаў, паказу тэатральных пастановак, адукацыі, навукі і вольнага часу. У фондзе «Inexkult» запэўніваюць, што новая тэатральная прастора будзе адкрытай для разнастайных ініцыятыў і дыскусій.
Заснавальніца прадзюсарскай ініцыятывы «Inexkult» Вольга Кулікоўская расказвае, што знайсці прастору для выступаў і рэпетыцый у Варшаве вельмі складана. Беларускія акторы намагаюцца гэта зрабіць больш за год:
-Усе маюць тую ж самую праблему. Стварыць і выпусціць адзін спектакль – гэта магчыма. Але потым з імі немагчыма нічога зрабіць, няма ніякага праката. Усе польскія тэатры маюць яскравае выразнае творчае жыццё. У іх саміх не хапае вольных дзён і г.д. Пры ўсёй сімпатыі і салідарнасці яны не гатовыя часцей, чым раз у два месяцы, даць сваю сцэну. Для беларускага тэатру гэта мала. Пасля 2020 году з Беларусі выехала шмат людзей тэатру. Гэта ўжо моцная плынь беларускага тэатру, які развіваецца за мяжой, прычым цікава і паспяхова. Гэта якасны творчы працэс. Ёсць усё, каб мець класны сапраўдны тэатр: добрыя прафесіяналы, моцная прадукцыя і ёсць публіка.
Важным аргументам у размове з польскімі пляцоўкамі з’яўляюцца менавіта гледачы. Ёсць алгарытм, як падлічыць, колькі квіткоў тэатр здольны прадаць. З беларусамі Варшавы гэтая логіка не спрацоўвае. Усё ў разы лепш, кажа Вольга Кулікоўская:
-Калі размаўляеш з польскім тэатрам, каб у іх папрацаваць, першае пра што яны хвалююцца, гэта глядач. Беларускі тэатр можа прывесці шмат гледачоў, які потым стануць гледачамі і польскіх прадукцый. Гэта вельмі важны аргумент у любой размове. Я ўвогуле хачу падкрэсліць цуд беларускай публікі. Ёсць канкрэтная статыстыка, як разлічыць, колькі можна прадаць квіткоў. Лічыцца, што 3-4% ад жыхароў гораду. Гэтая логіка з беларусамі ў Варшаве не працуе. Мне здаецца, што гатовыя і здольныя хадзіць у тэатр 60% беларусаў Варшавы. Як у месца спатканняў, месца мовы, сваёй культурнай ідэнтычнасці. Таму публіка ёсць, патрэбная пляцоўка.
Подпісы будуць скіраваныя ў мэрыю Варшавы. Збор подпісаў адбываецца перад беларускімі спектаклямі, у трох Варшаўскіх тэатрах (Teatr Powszechny Warszawa, Teatr WAM Warszawa, Teatr TR Warszawa), беларускіх барах (Karma crew Warsaw, BackDoor Bar Warszawa). Колькасць гэтых месцаў будзе расці, таму неабходна сачыць за абнаўленнем інфармацыі.
Месяц жнівень стаў сапраўдным святам беларускага тэатру ў Варшаве. У некалькіх пляцоўках прайшлі паказы больш за дзясятка разнаснастайных спектакляў. Тэмы, якімі займаюцца беларускія калектывы, розныя: ад тэматыкі пратэстаў да больш лёгкіх тэмаў.
Поўная размова з Вольгай Кулікоўскай у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав