Волат беларускай паэзіі
2021-08-26 21:22
У Менску на 74-м годзе жыцця памёр паэт Алесь Разанаў – аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічацца этапнымі для беларускай паэзіі, распрацоўшчык новых паэтычных формаў.
У эфіры нашага радыё пісьменнік Алесь Аркуш распавёў пра сваё знаёмтсва з Алесем Разанавым і пра яго паэзію.
– Для літаратараў, якія прыходзілі ў літаратуру 80-х і 90-х гадах, для нас Алесь Разанаў быў, як Бог, мы імкнуліся пабачыць, сустрэцца, паразмаўляць з ім.
– А ўзгадайце сваю першую сустрэчу з творамі Алеся Разанава?
– Практычна Алесь Разанаў мяне прывёў і да беларускай мовы і ў беларускую літаратуру. Так атрымалася, што я пачынаў пісаць па-расейску і мне здавалася, што беларуская літаратура вясковая і нецікавая. І аднойчы ў газеце я прачытаў артыкул пра Алеся Разанава, пра яго эксперыменты і я зацікавіўся і назаўтра пайшоў у цэнтральную кнігарню, дзе пачаў пытацца пра яго кнігі, каб прачытаць. І трапіў на паэтку Святлану Каробкіну і яна сказала, што вельмі складана знайсці кнігі Разанава ў Менску, таму што яны імгненна раскупаюцца. І яна параіла мне звярнуцца ў „Чырвоную змену” і наведваць літаратурнае аб’яднанне „Крыніцы”. Такім чынам я прыйшоў да маладых паэтаў, якія затым стварылі „Тутэйшыя” і я прыйшоў да беларускай літаратуры. Першую кнігу а знайшоў у сваёй жодзінскай бібліятэцы – гэта была „Вастрыё стралы” і гэта былі мае ўражанні на ўсё жыццё і гэта адна з маіх любімых кніг.
– Алеся Разанава не атрымаецца пераблытаць з кім-небудзь з беларускай літаратуры.
– Не атрымаецца пераблытаць, таму што ён настолькі самастойны, настолькі непаўторны і гэта нават немагчыма ні з чым параўнаць, бо нават паэтычныя формы, якія ён выкарыстоўваў, ён прыдумваў сам. Я ўзгадваю тыя часы – 80-я і 90-я – і не магу ўзгадаць ні аднаго паэта маладога, які б не зазнаў уплыву Алеся Разанава. Усе мы хацелі пісаць па-разанаўску.
– Цікава пра сэнс жыцця сказаў Алесь Разанаў – „У чым сэнс жыцця? У самім жыцці, у няспынным пошуку ісціны”.
– З Разанавым цікава і ў той час цяжка размаўляць, таму што ён размаўляе практычна вершамі, якія нялёгка перакладаюцца на звычайную мову. Такое ўражанне, што ён цытатамі сыпле і гэта сапраўды заварожвае. Я памятаю ў Іслачы была нарада маладых літаратараў. Мы з ім неяк працяглы час паразўмаўлялі і ён мне напісаў на праграмцы нарады „Сустрэнемся на барыкадах”. Для мяне доўгі час было незразумела якія барыкады? Як раз набліжаліся часы змагання за незалежную Беларусь. Але нарэшце я зразумеў, што гэта барыкады літаратурныя, гэта барыкады за абнаўленне беларускай літаратуры.
Паэта згадвае Алег Латышонак – беларускі гісторык з Падляшша, які раней літаратурай не займаўся. Некалькі дзясяткаў вершаў Алеся Разанава ён пераклаў на польскую мову. Невялікая кніжачка пад загалоўкам „Zdobywcy” выйшла ў Беластоку ў 1997 годзе.
Гаворыць Алег Латышонак:
– Мне вельмі складана гаварыць пра паэзію, бо я не літаратуразнаўца. Мне альбо нешта падабаецца, альбо не. Мяне зачараваў томік “Вастрыё стралы”. Яўген Вапа назваў “Вастрыё стралы” нашай “Малой падарожнай кніжкай”, як Скарына калісьці выдаваў. Я проста чытаў, перачытваў гэтую кніжку. І перш за ўсё кранула глыбіня думкі паэта, разуменне свету – гэта касмічная паэзія. Я нездарма папрасіў, каб вокладку кніжкі зрабілі з зорамі. Бо гэтая паэзія – касмічная. І яна адначасна хапае за сэрца. І тыя пераклады самі сабой склаліся.
Словы памяці калегі ад Уладзіміра Някляева:
– Тое, што не стала Алеся Разанава, сапраўды нечакана, бо ён ніколі не выглядаў на чалавека, які можа пайсці з жыцця раней, чым сыходзяць людзі, якія па сваё прыродзе волаты. Ён фізічна проста выглядаў волатам. Волатам ён быў і ў беларускай паэзіі. Прычым не толькі ў сучаснай, але і ва ўсёй, колькі яна ёсць у нашай беларускай гісторыі.
Пра сучасны стан беларускае паэзіі Алесь Разанаў выказаўся некалькі гадоў таму ў эфіры Рацыі.
– Яна перастала здзяйсняць нейкую сваю функцыю, місію, прызначэнне. Яна адхілілася ад таго першага пачатку, які даваў ёй жыццё. Але ў сваёй глыбіні, у тых самых невыяўных пластах, яна памятае пра сваё прызначэнне і здзяйсняе.
Алесь Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне. Вучыўся ў БДУ, быў выключаны за патрабаванне беларусізацыі ўнівэрсітэту. Затым скончыў Берасцейскі педагагічны інстытут.
Стаў адным з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру, займаў у арганізацыі пасаду віцэ-прэзідэнта. Некаторы час жыў у Нямеччыне і Аўстрыі, але апошні этап жыцця правёў у Беларусі.
Песні на яго словы трапілі ў рэпертуар Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў Сузор’е, Новае Неба, Ilo&Friends, бардаў Рамана Яраша, Уладзіміра Дрындрожыка ды іншых.
Вечная памяць Паэту!
Беларускае Радыё Рацыя