- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аўтар нарадзіўся ў 1964 годзе ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. У 1986 годзе скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працаваў настаўнікам на Салігоршчыне, потым карэспандэнтам у газетах "Кобрынскі веснік", "Брестский курьер". З 1993 г. - загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Брэсцкага тэатра лялек. Літаратурную дзейнасць распачаў з сярэдзіны 1980-х гадоў. І. Сідарук - аўтар паэтычных кніжак "Чарнабел" (1991, Кобрын), "Саната Арганата" (1993, Полацк), "Моўкнасць" (1997, Брэст), кнігі прозы "Квадратная варона" (2000, Полацк-Гродна-Кобрын), а таксама выдання для дзяцей "Павучальныя гісторыі дзядзечкі Ігара Сідарука" (1994, Брэст). З пачатку 1990-х спрабуе сябе як драматург. Першая п'еса - фарс-абсурд "Галава" была пастаўлена на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў 1992 годзе і прынесла пачынаючаму драматургу поспех. У гэтым жа годзе ўбачыла свет яго другая п'еса - "Прыгоды Люстрынкі", якая была ўвасоблена на сцэне Мазырскага драматычнага тэатра "Верасень". Потым пачалі з'яўляцца п'есы для лялечных тэатраў: калядная гісторыя "Меч Анёла" была пастаўлена ў Брэсцкім тэатры лялек (1992) і Мінскім абласным тэатры лялек "Батлейка" (Маладзечна, 1994). П'есы "Янка-зух і нячысты дух", "Збавіцель", "Штукары" былі пастаўлены ў Брэсцкім тэатры лялек у 1993-1994 гадах. Драматург працягвае стварэнне п'ес і для драматычнага тэатра. Меладрама "Плач, саксафон" была пастаўлена на сцэнах Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (1995) і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа (1996).