Віктар Жыбуль – лаўрэат “Глінянага Вялеса” за 2024 год
2025-06-23 22:01
Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2024 год стаў паэт, літаратуразнавец і перформер Віктар Жыбуль за кнігу вершаў «Аранжавы».
Віктар Жыбуль нарадзіўся 3 кастрычніка 1978 году ў Менску. Кандыдат філалагічных навук (2003). У 2003 годзе абараніў дысэртацыю на тэму «Ідэйна-мастацкія пошукі ў беларускай паэзіі 20-х-пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя».
Адзін з найбольш вядомых беларускіх паэтаў-авангардыстаў новай генерацыі, які спалучае эксперыментальны падыход з арыгінальным гумарам. У сваёй творчасці ён спрабуе не толькі гуляць са словам, але і камбінаваць хімічныя, біялагічныя, матэматычныя і фізічныя паняцці, апяваць урбаністычныя рэаліі і экзістэнцыйныя праблемы. Акрамя таго, ён даўно і прадуктыўна працуе ў жанры паліндрому. Аўтар сямі зборнікаў вершаў. Кніга «Аранжавы», якая прынесла Віктару лаўрэацтва, выдадзена летась у Берліне ў выдавецтве hochroth Minsk.
Шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялеса» за 2024 год
Вольга Гапеева. Пад асобнымі коўдрамі: вершы. — Лондан: Skaryna Press
Валер Гапееў. Вольнеры. Бясконцы дзень: раман (частка другая). — Варшава: Янушкевіч
Зміцер Дзядзенка. Гульні Цырцэі: раман. — Беласток: Kamunikat
Віктар Жыбуль. Аранжавы: вершы. — Берлін: hochroth Minsk
Ігар Кулікоў. Бяс край: верша. — Берлін: hochroth Minsk
Наталля Кучмель. Залатое: вершы. — Вільня: Пфляўмбаўм
Анхела Эспіноса Руіс. Астралябія божых таямніц: вершы. — Беласток: Kamunikat
Сяржук Сыс. DOM: вершы. — Лондан: Skaryna Press
Андрэй Хадановіч. Дзікае паляваньне Караля Стаха. Вершы да оперы. — Кракаў. Gutenberg
Аляксандр Чарнуха. Гвалт: зборнік апавяданняў. — Варшава: Янушкевіч
«Гліняны Вялеса» — найстарэйшая беларуская незалежная літаратурная прэмія, была заснавана ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.
Сярод мінулых лаўрэатаў прэміі — Валянцін Акудовіч, Міхал Андрасюк, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Наста Кудасава, Алег Мінкін, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Віктар Сазонаў, Юры Станкевіч і інш.
Упершыню ў шорт-ліст прэміі не трапіла ніводная кніга, выдадзеная ў Беларусі. Кнігі, якія вылучаны на прэмію, выходзілі ў Лондане, Берліне, Вільні, Варшаве, Беластоку, Кракаве. З дзесяці вылучаных кніг — тры прозы і сем паэзіі.
Беларускае Радыё Рацыя