1 902 500 чалавек за год – такі ахоп аўдыторыі канала “Мова ад Васіля” ў ТікТок. 76,1% з іх – з Беларусі. Згодна даследаванню, колькасць карыстальнікаў ТікТок у Беларусі агулам складае 5 630 000 чалавек.
Пра гісторыю стварэння канала і пра тое, наколькі цяпер беларускамоўны кантэнт папулярны, распавёў сам блогер Васіль Ядчанка:
Васіль Ядчанка: Гэта пачыналася яшчэ ў 2021 – 2021 годзе. Тады, калі я ствараў свой расейскамоўны блог пра беларускую кухню. Там былі такія караценькія ўстаўкі на беларускай мове, я іх асобна мантаваў і выкладаў, тады з’явіўся ТікТок, і я ўбачыў, шмат хто глядзіць. І таму зразумеў, што гэта запатрабавана і трэба гэта рабіць. Ну і самому было цікава новыя словы глядзець, якія ўжо забыліся, ці нават такія, якія ніколі не ведаў.
РР: Раскажыце пакрокава – як развівалі свае сацсеткі, наколькі хутка атрымлівалася ахопліваць беларускамоўную аўдыторыю і прасоўваць беларускую мову.
Васіль Ядчанка: Адразу з першага відэа, якое заляцела на 100 тысяч гледачоў. І потым усё атрымалася вельмі хутка. Потым быў перапынак, калі я з’ехаў з Беларусі і жыў у Кіеве, затым у Грузіі. І толькі потым зноў пачаў гэта рабіць, калі я пераехаў у Вільню.
РР: Ці вы падлічвалі, можа быць, ці маеце нейкую статыстыку – хто цяпер вашая мэтавая аўдыторыя? Ці па-ранейшаму гэта беларусы, якія засталіся ў Беларусі, ці дадаліся яшчэ і беларусы замежжа?
Васіль Ядчанка: 76 адсоткаў маёй аўдыторыі – гэта беларусы ўнутры краіны. І астатнія адстокі – гэта беларусы, і мне падаецца можа і ўкраінцы і расейцы, зважаючы па каментарах, якія жывуць у розных краінах. Таму што і з Польшчы шмат, і з Літвы, і з Нямеччыны. Ёсць такі паказальнік, што з розных краін глядзяць.
РР: Якія відэа набіраюць найбольшую колькасць праглядаў і з чым гэта звязана?
Васіль Ядчанка: Самае папулярнае відэа, у якога больш за мільён праглядаў, гэта відэа з маім катом, якога клічуць Пёс-Кавун, я проста паказваю, што ў мяне твар, у ката пыска, і потым ідзе буська тварам у пыску. Людзям падабаюцца такія незвычайныя, для іх, словы і такое вось сутыкненне цікавых словаў. А так шмат якія відэа набіраюць сотні тысяч праглядаў. Ну вось у прыватнасці відэа, дзе я вяду дыялог паміж дзвюма асобамі, якая кажа, што вашая беларуская мова гэта як расейская, толькі з памылкамі. І калі я гэта абвяргаю, то гледачам падабаецца бачыць, што нашая мова ўнікальная, што яна не падобная на расейскую.
РР: Раскажыце пра праект «Мова ў працы», у чым ён палягае?
Васіль Ядчанка: «Мова ў працы» – гэта новы праект, які толькі ў гэтым месяцы распачаўся. Ён закліканы пашырыць ужыванне беларускай мовы праз гумар і штодзённае жыццё. Мы імкнемся зрабіць беларускую мову часткай паўсядзённых прафесійных практык і папулярызаваць звычайных людзей, якія працуюць на беларускай мове кожны дзень у маленькіх гарадах Беларусі. Я сам аб’ездзіў усю Беларусь неаднойчы і разумею, як размаўляюць там людзі. Гэта часта, так званая, трасянка. Тут мы дапаможам ужываць прафесійныя словы ў кантэксце дакладнай прафесіі. Робім з маёй сувядучай кароткія скечы, дзе адзін з нас выступае як прадстаўнік прафесіі, другі, можа, як кліент, ці нехта іншы, і вось на падставе такіх дыялогаў мы робім і гумарыстычныя, і адукацыйныя ролікі.
– Канал “Мова ад Васіля” за год ахапіў 26,16% УСІХ жыхароў Беларусі, якія карыстаюцца Інтэрнэтам. Таму можна сказаць, што беларускі кантэнт становіцца ўсё больш запатрабаваным, – дадаў аўтар каналу.
Беларускае Радыё Рацыя