Вальжына Морт атрымала найвялікшую ў Канадзе прэмію за паэзію
2021-06-23 22:41
Як паведаміў канадзкі сайт Open book, Вальжына Морт, якая цяпер жыве ў Злучаных Штатах, узнагароджаная за кнігу паэзіі Music for the Dead and Resurrected (Музыка для мёртвых і ўваскрэслых).
Прэмія Грыфіна — найвялікшая паэтычная прэмія ў Канадзе. Штогод яна ўручаецца аднаму канадзкаму паэту (сёлета гэта Канісія Любрын) і аднаму замежнаму паэту за кнігу на ангельскай мове.
У сьнежні 2020 зборнік Вальжыны Морт «Музыка для мёртвых і ўваскрэслых» выдавецтва Farrar, Straus & Giroux аглядальніца New York Times Эліза Габэрт назвала ў ліку васьмі найлепшых кніг паэзіі году.
Вальжына Морт нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім унівэрсытэце. Піша па-беларуску і па-ангельску. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі, ЗША, Нямеччыне, Швэцыі.
Морт — ляўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнеэўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Гокін (Bess Hokin Prize) ад амэрыканскага часопіса Poetry.