„Госць Рацыі” – Валер Руселік, больш вядомы, як блогер Daroha, якога МУС нядаўна прызнаў „экстрэмісцкім фармаваннем”.
Мы пагутарылі з Валерам пра блогерства, позірк на беларускія навіны і пагрозы з боку сілавікоў за дзейнасць. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Распавядзіце, як даўно вы працуеце, як даўно існуе ваш канал.
– Канал быў зарэгістраваны яшчэ 7-га верасня 2007 года. Гэта, як я разумею, наогул адзін з самых старых каналаў у беларускім сегменце. Як мы памятаем, сам YouTube быў зарэгістраваны ў 2004 годзе, так што гэта вельмі стары канал. Раней гэты канал выкарыстоўваўся, як сацыяльная сетка, штосьці сваё закідваеш. А ўсвядомлена, як блогер, то напэўна з 2019 года. Тады яшчэ супрацоўнічаў і сябраваў з іншымі блогерамі, часам рабіў калабарацыі. Напрыклад, з цяперашнім адным з палітзняволеных, Міколам Дзядком. У нас была асабістае і блогерскае сяброўства. Мы разам ладзілі стрымы тады, ужо тады гаварылі пра тое, што трэба задзіночвацца, не трэба чакаць, бо ўсё можа змяніцца за адзін дзень. Варта настройвацца на стваральную, працяглую працу, „гульню ў доўгую”. Сёння гэтыя словы выглядаюць, як прарочыя, але ніякай радасці ад гэтага няма. На вялікі жаль, як і тады, гэтак і сёння выглядае, што гэта словы ў пустэчу. Самы першы выпуск называўся „Пытаннечка да лукашыстаў”. У 2019 годзе, наколькі я памятаю, тады парламенцкія выбары былі. Тады ў мяне была такая першая рэакцыя, я падумаў, што варта пачаць рабіць свой блог і свой канал развіваць, менавіта як грамадска-палітычны, а не проста, як штосьці асабістае. Тады актыўна пачалі з’яўляцца беларускія блогеры на грамадска-палітычную тэматыку.
РР: Вас днямі прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Як вы адрэагавалі на такую навіну?
– Як на паскудства, як тут яшчэ можна можна адрэагаваць. У апошнія дні мяне віншуюць з гэтым, гавораць, што гэта прызнанне якасці маёй працы, ледзьве не ордэн ад цяперашніх уладаў. Нешта падобнае было і тады, калі некалькі месяцаў таму мой кантэнт прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. І тады і цяпер я адказваю аднолькава, што я не бачу ніякіх нагодаў для віншавання, бо насамрэч усе гэтыя экстрэмісцкія статусы – гэта ўсяго толькі дадатковыя праблемы і рызыкі для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, нічога больш. Падобныя „прызнанні” і пагатоў гэткім коштам маё эга ніяк не цешаць. Таму я паставіўся да гэтага, як да паскудства і адначасова я не быў здзіўлены. Падобныя прызнанні экстрэмісцкага статусу – гэта толькі пытанне часу. Чаму цяпер мяне зачапілі, я думаю дайшлі рукі ў іх да гэтага. Астатніх ужо „зачысцілі”, кагосьці першым, кагосьці другім, трэцім, пятым, кагосьці пазней.
РР: Вы не звязваеце гэта з ролікамі, якія ў апошні час выйшлі на вашым канале?
– Не, не звязваю. Першая сур’ёзная рэакцыя на мае ролікі з боку рэжыму Лукашэнкі была яшчэ ў 2020 годзе. Адзін з выпускаў, самы папулярны ў мяне на канале, які набраў больш за 300 тысяч, ён называўся „Га*но ў пагонах”. Ён быў прысвечаны сілавікам Лукашэнкі, міліцыянтам, усім астатнім, якія збівалі нявечылі людзей. У мяне быў такі вельмі рэзкі ролік на гэтую тэму. Пасля чаго я атрымаў шэраг пагрозаў, як публічна, так і ў прыват. Так што ведалі пра мой канал і раней, ён і раней ім не падабаўся. Адзінае, я думаю, проста дайшла чарга.
РР: Ці не баіцеся вы ціску на сваякоў?
– Што датычыцца страху, хоць я і ў эміграцыі, як такога асаблівага страху няма. Але прысутнічае разуменне, што ўсё можа быць, дыктатура ёсць дыктатура. Я прымаю правілы, калі можна сказаць правілы гэтай гульні. Гэта дастаткова рызыкоўна. Я ведаю, што іншыя блогеры, якія сёння знаходзяцца на волі, таксама трымаюцца пэўных захадаў бяспекі, якіх трымаюся таксама я, каб не павялічваць рызыку сутыкнення з нейкімі агентамі рэжыму.
Блогер адзначае, што з’яўляецца часткай блогерскай супольнасці Беларусі, дзе пануе не канкурэнцыя, а супраца, а значыцца — неўзабаве можна чакаць новыя праекты і калабарацыі.
Алеся Вербаловіч, Беларускае Радыё Рацыя