Валер Карбалевіч: Беларуская дзяржава рэдукуецца да ўзроўню рэжыма
2021-09-07 17:37
Ці ёсць у палітычных рэпрэсій мяжа і каму найперш гэта выгодна, размаўляем з палітолагам Валерам Карбалевічам.
Учора былі агучаныя крымінальныя прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму знаку – адзінаццаць і дзесяць гадоў калоніі адпаведна. Штодня прыходзяць паведамленні пра чарговыя арышты, затрыманні, і не толькі сярод актывістаў апазіцыі.
Сілавікі «прачэсваюць» нават сваякоў тых, хто выступіў супраць рэжыма Лукашэнкі ў 2020 годзе. Ці ёсць у палітычных рэпрэсій мяжа і каму найперш гэта выгодна, размаўляем з палітолагам Валерам Карбалевічам.
– Спадар Валер, мы назіраем вельмі жорсткія прысуды. Часта ў абмеркаваннях можна чуць, што не будуць апаненты сядзець гэтыя вялікія тэрміны. Ці падзяляеце вы гэты аптымізм?– Пакуль рэжым будзе існаваць, рэпрэсіі будуць працягвацца з большай ці меншай інтэнсіўнасцю. Магчымыя элементы гнуткасці: некаторых людзей могуць выпусціць пад амністыю ці прашэнні аб памілаванні, супрацоўніцтва са следствам. Але гэта не зменіць агульную тэндэнцыю. Будуць працягвацца новыя рэпрэсіі і пасадкі. Следчы камітэт анансуе, што ёсць каля пяці тысяч палітычных спраў – за ўдзел у пратэстах. То бок тэндэнцыя будзе існаваць пакуль ёсць існы рэжым.
– Ці ёсць у гэтых падзеях дно, як кажуць? Мусіць жа быць мяжа злу.– Пакуль я бачу, што ёсць устаноўка працягваць рэпрэсіі, не зніжаць маштаб. І паколькі няма пратэстаў вулічных, то сілавікі ідуць па другому-трэцяму колу, зноў чапляюць тых людзей, якіх ужо затрымлівалі, па сваякам і гэтак далей. Каб машына рэпрэсій не спынялася, не змяншаўся маштаб, бо такая дадзена ўстаноўка.
— Ёсць шмат фактаў таго, як улады чысцяць свае шэрагі ад нелаяльных. Ці можа стацца так, што, умоўна кажучы, змяя пачне сябе паглынаць? Ці можа гэта пахіснуць прыхільнасць наменклатуры?– Адбыліся маштабныя чысткі ў дзяржаўным апараце, бюджэтных арганізацыях: звальняюць тых, хто дэманстраваў нелаяльнасць, у сілавым апараце людзей правяраюць на паліграфе. У гэтым сэнсе рэжым стаў больш кансалідаваным. У адносінах да бізнесу таксама дзе жорсткая чыстка. Паказальная гісторыя з Юрыем Чыжом, якога фактычна разараюць, садзілі ў турму, а гэта ж чалавек з апарата, з прыдворнага кола Аляксандра Лукашэнкі. Рэпрэсіі былі і да 2020 года, і яны будуць працягвацца. Страх мусіць распаўсюджвацца на ўсіх, не толькі на апанентаў, але і на наменклатуру. Пытанне ў маштабе, і я думаю, што Лукашэнка адчувае мяжу, якую трэба не перайсці, бо можна страціць прыхільнасць наменклатуры. Таму гэтыя рэпрэсіі кропкавыя.
– Маштабны пераслед грамадска-палітычнага сектара вядзе агулам да стагнацыі ў грамадстве. Хіба кіраўніцтва гэтага не заўважае?– Што тычыцца дэградацыі дзяржаўных функцый, то яны таксама відавочныя. Дзяржава адмаўляецца ад функцый, якія павінна была б выконваць: гэта і правасуддзе, і замежныя інтарэсы, і ахова мяжы, і якасная адукацыя не ў прыярытэце, а важная лаяльнасць. Дзяржава рэдукуецца да ўзроўню рэжыма, то бок робіць толькі тое, што забяспечвае існаванне ўлады.
– Ёсць меркаванне, што такая татальная зачыстка выгодная найперш Расіі, бо тое ж Таварыства беларускай мовы, якое цяпер пад пагрозай ліквідацыі з сотнямі іншых НДА, ніякім чынам не пагражала ўладзе. Ці падзяляеце вы меркаванне, што гэты каток рэпрэсій не зусім самастойнае рашэнне ўладаў Беларусі?– Я не думаю, што Расія ўмешваецца ў працэс, каго рэпрэсаваць, каго садзіць за краты, якія арганізацыі ліквідаваць. Нават грамадзяне Расіі сядзяць тут і Расія не вельмі пра іх клапоціцца. Гэта ўнутраная справа рэжыму – знішчыць усе структуры грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца палітычнай дзейнасцю, якія проста аўтаномныя ад рэжыму, а калі яшчэ і атрымліваюць нейкую дапамогу з Захаду, то ўвогуле – ворагі. У чым Расія зацікаўленая – у міжнароднай ізаляцыі Беларусі, гэта ў яе інтарэсах. Да слова, пад раздачу трапілі і прарасійскій арганізацыі. Так што думаю, Лукашэнка ў гэтых дзеяннях аўтаномны.
МК