Валанцёр Вікіпедыі Віталь Зданевіч: «Кожны раз, калі я раблю нешта для Вікі, у мяне з’яўляецца прыемнае пачуццё, што я нешта паляпшаю»
2025-02-06 18:31
«Захоўваць спадчыну — вельмі важна ў цяперашнія часы. Калісьці ва Украіне быў нацыянальны літаратурна-мемарыяльны музей Грыгорыя Скаварады, у які патрапіла расійская ракета. Усё, што засталося ад музея — фотаздымкі, але не засталося сканаў усіх дакументаў, якія там былі», — гаворыць Віталь Зданевіч — валанцёр Wikipedia і Вікісховішча (Wikimedia Commons), які ўжо шмат гадоў піша і рэдагуе артыкулы на беларускай, расійскай і англійскай мовах.
Вікіпедыя, відавочна, не ўратуе ад расійскіх ракет, але можа дапамагчы захаваць культурную спадчыну. Сёння кожны жадаючы можа далучыцца да працы ў адкрытай энцыклапедыі. Якім чынам гэта зрабіць, распавёў Віталь Зданевіч у размове з Budzma.org.
— Што цябе зматывавала займацца Вікіпедыяй?
— Ёсць нейкія тэмы, якія цябе цікавяць. А Вікіпедыя — адна з пляцовак, куды можна накіраваць сваю энергію, каб прасунуць гэтую тэму і захаваць. Некалькі год таму, калі я не працаваў на працягу месяца, я напісаў артыкул пра роварны рух у Беларусі. Для мяне як чалавека, які жыў у Менску, ровар быў асноўным транспартам, часткай мяне. І праз напісанне артыкулаў пра роварны рух я разумею, што раблю сур’ёзны ўнёсак у развіццё гэтай тэмы. Гэта тычыцца ўсіх тэмаў, якія звязаныя з асабістымі інтарэсамі. Акрамя веларуху, я пішу і рэдагую артыкулы пра камп’ютарныя гульні, праграмнае забеспячэнне.
У мяне нават выпрацаваўся такі інстынкт: калі я дзесьці штосьці чытаю, адразу правяраю, ці ёсць гэта ў Вікіпедыі. А калі няма, то дадаю. Бо разумею, што калі сёння ёсць сайт з гэтай інфармацыяй, заўтра яго можа не быць. У Вікіпедыі ёсць такі механізм, што калі сайт, на які ідзе спасылка, знікае, то ён аўтаматычна пераносіцца ў
архіў.
Кожны раз, калі я раблю нешта для Вікі, у мяне з’яўляецца прыемнае пачуццё, што я нешта паляпшаю. А калі твой артыкул рэдагуюць іншыя людзі, дзякуючы ім я дазнаюся пра штосьці новае.
Вікіпедыя — сур’ёзная пляцоўка з гіганцкай інфраструктурай. Усю Вікіпедыю магчыма
спампаваць афлайн, бо ёсць адкрытая ліцэнзія. Наяўнасць гэтай ліцэнзіі адрознівае Вікі ад падобных да яе крыніц. Бо ўся інфармацыя (артыкулы, медыяфайлы) з’яўляецца грамадскім набыткам, які належыць кожнаму, а не карпарацыя валодае імі.
— З якімі праблемамі ты сутыкнуўся падчас свайго валанцёрства?
— Аднойчы я стварыў артыкул пра індывідуальнае прадпрымальніцтва ў Беларусі, з ілюстрацыямі і фотаздымкамі. І зрабіў вялікую памылку, калі загрузіў скан свайго сертыфіката ІП. Гэтым скарысталіся зламыснікі: яны ўзялі мой сертыфікат і праз яго стваралі акаўнты з распродажамі, дзе бралі з людзей грошы, але не дасылалі тавары.
Хоць я і люблю адкрытыя дадзеныя, але зрабіў выснову, што асабістыя дакументы заўсёды варта замазваць ці не публікаваць наогул.
— Якія праекты на Вікіпедыі для цябе самыя важныя?
— Ёсць праект
glubinka.by, дзе можна знайсці фотаздымкі і інфармацыю пра вёскі Беларусі. Але ёсць праблема ў тым, што сайт калі-небудзь можа знікнуць, а разам з ім і шматлікія фотаздымкі беларускіх месцаў. Я распавёў уладальніку сайта пра свабодную ліцэнзію, і мы запампавалі ўсю інфармацыю адтуль у Wikimedia. Яна займала 120 гігабайт. Я лічу, што гэта адна з найлепшых ініцыятываў, у якія я ўкладаўся.
— З якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаюцца аўтары Вікіпедыі?
— Адна з самых крыўдных рэчаў, з якімі можа сутыкнуцца валанцёр, гэта выдаленне артыкула. Асабліва, калі яму падаецца, што ён робіць штосьці важнае і карыснае для грамадства. А яму ў адказ маглі холадна адказаць і не даць ясных тлумачэнняў, чаму тэкст выдалілі. Бывае нават, у адказ спасылаюцца на правілы, пры гэтым ты разумееш, што твой тэкст іх ніяк не парушае. Але ж гэта жыццё. Не зважаючы на гэта, Вікіпедыя працягвае развівацца і расці.
Пра Вікікрыніцы (Wikisource)
Беларусь унікальная тым, што творчасць пісьменнікаў і аўтараў кніг становіцца грамадскім набыткам, калі пасля смерці аўтара праходзіць 50 год. У большасці краін свету гэты тэрмін налічвае 70 год. Я заўважыў, што ў беларускіх Вікікрыніцах ёсць добрая супольнасць. Рэсурс часта аднаўляецца, і за апошні час там з’явілася шмат твораў беларускіх аўтараў.
«Крыніцы» — гэта просты ўнёсак для валанцёраў, дзе патрабуецца няшмат: скан з кніг альбо часопісаў, альбо вычытка гэтых сканаў для праверкі іх сапраўднасці і выпраўлення магчымых памылак.
Пра важнасць захавання дадзеных
Віталь Зданевіч
Раней здавалася, што ў Інтэрнэце ёсць усё. А тое, што аднойчы туды трапляе, застаецца там назаўжды. Але калі я пагрузіўся ў гэтую тэму глыбей, мне стала балюча. Праблема цяперашняга часу ў тым, што шмат інфармацыі пастаянна знікае. Сайты, якія ёсць сёння, знікаюць на заўтрашні дзень. Калісьці на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа былі сканы старажытных кніг, якія потым чамусьці прыбралі.
Аднойчы я глядзеў лекцыю гісторыка, які сказаў, што ў свеце адсканавана прыкладна 5% кніг з музеяў. Быў выпадак, калі ён прыходзіў у архівы, браў там кнігу, а старонкі пачыналі рассыпацца. Ці, напрыклад, кнігі з’ела цвіль. Адразу ўзгадваецца выраз, што мы жывем у Александрыйскай бібліятэцы, якая гарыць.
Я ведаю, што ў савецкія часы, калі кнігі ці фільмы не прапускалі ў эфір, многія з іх проста загнівалі ў падвале ці былі з’едзеныя мышамі. Падобныя праблемы ёсць і з відэагульнямі. Сёння ты бачыш адну гульню на вокладцы часопісаў, а праз некалькі год яна больш не прадаецца. А ў інтэрнэце знаходзіш яе файлы, якія на сучасных камп’ютарах не адкрываюцца. Ёсць нават адмысловыя арганізацыі, якія займаюцца тым, каб захаваць і аднавіць гэтую спадчыну. Я і сам быў валанцёрам, які запытваў архівы з розных беларускіх сайтаў для таго, каб апублікаваць іх у агульным доступе. Таксама звяртаўся да кампаній, якія выпускалі відэагульні. На жаль, не заўсёды атрымліваў станоўчыя адказы.
Балюча глядзець на тое, як знікае цэлая гісторыя.
— Якія праблемы ёсць у Беларускай Вікіпедыі?
— Прывяду прыклад. У Расіі калісьці была арганізацыя
Wikimedia RU (цяпер распушчаная). Для таго, каб стварыць падобную арганізацыю ў Беларусі, было патрэбна 50 чалавек. Але з іх было толькі 38. У Нямеччыне такіх людзей 70 000. І гэта вялікая розніца па ўцягнутасці ў працу на Вікіпедыі.
— Якую параду ты бы даў тым, хто хоча пачаць валанцёрыць на Вікіпедыі і яе праектах?
— Калі вы чытаеце нейкі ўрывак пра горад ці месца ў кнізе альбо на аўтарытэтным сайце, вы можаце праверыць, ці ёсць гэтая інфармацыя ў Вікіпедыі. Бо для Вікіпедыіі важна не толькі тое, што вы пішаце, а адкуль бярэце інфармацыю.
У беларускай Вікіпедыі ёсць свая
супольнасць, куды можна смела звяртацца з пытаннямі пра мэтазгоднасць і слушнасць выкарыстання пэўных крыніц. Я раю звярнуцца да
Уладзімера Русаковіча (які стварыў больш за 1700 артыкулаў у Беларускай Вікіпедыі), альбо да
мяне.
У мяне быў цікавы выпадак, калі бібліятэкарка сталага ўзросту, якая вельмі любіла сваю вёску, напісала пра яе артыкул з дапамогай кніг і перадала мне файл на флэшцы для далейшай публікацыі. Ёсць нават ініцыятывы, якія заахвочваюць супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк далучацца да сканавання кніг для Вікісховішча (
Wikimedia Commons). Але гэта, на жаль, развіта не паўсюль. Ёсць бібліятэкі і музеі, якія патрабуюць грошай за сканаванне файлаў для агульнага выкарыстання. Таксама распаўсюджана тое, што супрацоўнікі не зацікаўлены ў гэтым.
— Як, на твой погляд, можна заахвоціць больш людзей далучацца да валанцёрства?
— Акрамя нематэрыяльнай матывацыі захоўваць і распаўсюджваць карысную інфармацыю, валанцёрства ў Вікіпедыі — гэта тое, што можна смела дадаваць у сваё рэзюмэ. Напрыклад, у мяне ў Linkedin пазначана, што я на працягу многіх год займаюся валанцёрствам у Вікіпедыі. Усё гэта можа заахвоціць больш людзей далучыцца да гэтай справы.
Кацярына Луцэвіч, Budzma.org
Фотаздымкі засабістага архіву Віталя Зданевіча