Усё жыццё пражыў у Солах
2023-04-05 22:13
Усё сваё жыццё беларускі паэт і настаўнік Мар’ян Дукса (1943-2019) пражыў у невялічкім мястэчку Солы Смаргонскага раёна, дзе працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, а таксама завучам школы. 5 красавіка Мар’яну Дуксу споўнілася б 80.
На старонках рэспубліканскай перыёдыкі пачаў выступаць з вершамі з 1960 года. Выдаў паэтычныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыўм» (1980) і «Світаюць сосны» (1987) і іншыя. Быў лаўрэатам Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Аркадзя Куляшова (1990) за кнігу паэзіі “Заснежаныя ягады” (1989) і Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2016).
Паэзія Мар’яна Дуксы вызначаецца высокай духоўнасцю, абвостраным адчуваннем часу. Фармальныя пошукі для паэта ніколі не з’яўляліся галоўнымі, на першым плане ў яго заўсёды стаяла думка, ідэя. Лірычны герой паэзіі – гэта чалавек высокіх маральна-этычных якасцей, неабыякавы да лёсу сучаснікаў і Радзімы. Спасціжэнне Бога, пошукі адказаў на складаныя духоўныя пытанні надаюць і сёння яго паэзіі светласці, узрушанасці і ўзнёсласці.
Беларускае Радыё Рацыя