- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паштовае аддзяленне горада Б* месцілася ў аднапавярховым цагляным дамку, амаль схаваным пад шатамі старых ліп. Цяпер, перадкаляднымі маразамі, ліпы захуталіся ў высакародную шэрань — гэткія важныя пані, што нібыта зусім заштурхалі ў куток яснага марознага дня сціплы будыначак пошты. А ў будынку паштмайстар пан Сікорскі ў атачэнні сваіх падначаленых разглядаў пасылку, дастаўленую з чыгункі ў чарговай партыі ранішняй пошты. Пасылка была адрасаваная настаўніку хіміі Капуцкаму, аматару незвычайных досведаў ад спірытычных сеансаў да археалагічных раскопаў. Пасылка сапраўды была вартая ўвагі: квадратная скрыня ў палову чалавечага росту вышынёй, шчыльна абцягнутая чорнай аксамітнай паперай, на якой ярка паблісквалі фольгавыя зоркі. Адправіцель падпісаўся лаканічна: «Брацтва «Гаўдэамус». Паколькі было вядома, што настаўнік Капуцкі з’ехаў некуды ў Гародзенскую губерню да сваякоў, а ягоная халасцяцкая кватэра стаяла замкнёная, пасылка мусіла знаходзіцца ў сховішчы паштамта да вяртання адрасата. (фрагмент)