Уладзімір Арлоў: «У Вісбадэне я сустрэўся не толькі з чытачамі, але і са сваім героем»
2025-03-30 17:41
У Вісбадэне, Магунцыі, Франкфурце і іншых суседніх гарадах жыве некалькі тысяч беларусаў. Пару дзясяткаў з іх наведалі сустрэчу, якая прайшла ў адной з кнігарняў Вісбадэна. Сустрэчу наладзіла беларуская суполка
Kulturverein Belarus e.V.
"Сустрэча з чытачамі ў Вісбадэне запомніцца тым, што амаль гадзіну доўжылася наша аўтограф-сесія, - гаворыць Уладзімір Арлоў. - Прычым некаторыя ўдзельнікі прынеслі мае кнігі, прывезеныя з Беларусі: “Таямніцы полацкай гісторыі” і “Краіну Беларусь”.
Назаўтра адбылася яшчэ адна сустрэча Уладзіміра Арлова з героем яго кнігі “Імёны Свабоды” - славутым вучоным Барысам Кітом, які знайшоў свой апошні прыстанак на праваслаўных могілках Вісбадэна. На помніку бачныя словы “Сын Беларусі, грамадзянін свету”.
Падчас сустрэчы з беларусамі Вісбадэна кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк адзначыў, што ў рамках святкавання свайго юбілею інтэрнэт-бібліятэка Камунікат плануе выдаць сёлета 25 папяровых кніг.
30 сакавіка Уладзімір Арлоў і Яраслаў Іванюк сустрэнуцца з беларусамі Кёльна.