Уладзімір Арлоў наведае Італію разам з фондам Kamunikat.org
2023-06-11 14:56
Мілан, Балонію і Рым наведае адзін з самых вядомых і папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў - Уладзімір Арлоў. Там пісьменнік сустрэнецца з беларускай дыяспарай і прэзентуе свае апошнія кнігі, выдадзеныя ў Беластоку фондам Kamunikat.org.
Як і раней у Польшчы і Германіі, Уладзімір Арлоў прадставіць чытачам сваю новую кнігу “Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча”. Яе першую частку ў мінулым годзе рэжым прызнаў „эксрэмісцкай“.
Уладзімір Арлоў зачытае таксама ўрыўкі са знакамітых
„Імёнаў свабоды” з 410 партрэтамі змагароў за свабоду беларускай зямлі з часоў Тадэвуша Касцюшкі да нашых дзён. Будуць таксама іншыя кнігі, выдадзеныя Фондам
Kamunikat.org. У тым ліку найноўшае выданне
„Ад Еўфрасінні, ад Скарыны. Таямніцы полацкай гісторыі”.
Разам з Уладзімірам Арловым мы перасячэм дарогі персанажаў розных эпох, лёс якіх злучыў дзве далёкія краіны: Беларусь і Італію.
У сустрэчах у Мілане і Балоніі таксама прымуць удзел італьянцы - выступленне Уладзіміра Арлова будзе перакладацца на італьянскую мову.
Усе сустрэчы будуць праходзіць пад агульнай назвай „Адкрываем новыя землі: Беларусь на скрыжаваннях гісторыі. Персанажы, месцы, падзеі”.