Уладзімір Арлоў: Гэтая сітуацыя нам знаёмая з нашай гісторыі
2022-09-28 15:48
Вядомы і любімы беларусамі пісьменнік, гісторык, эсэіст Уладзімір Арлоў ужо працяглы час радуе беларускія дыяспары Польшчы і Чэхіі сваімі надзвычай цікавымі лекцыямі па гісторыі Беларусі, а таксама пра асабісты лёс і лёс сваіх кніг.Нядаўна ў Польшчы, пры ўдзеле беларускай суполкі
„Скарына” з Чэхіі, была перавыдадзена кніга Арлова
„Ордэн Белай Мышы”. Пісьменнік удзячны ўсім, хто спрычыніўся для перавыдання, але лічыць, што гэта ненармальная сітуацыя, калі кнігі маюць праблемы з выданнем на радзіме аўтара, кажа
Уладзімір Арлоў.
РР: Чаму вы вырашылі перавыдаць менавіта кнігу „Ордэн Белай Мышы”?
– Ідэя перавыдання „Ордэна Белай Мышы” належыць не мне, яна належыць чэшскім беларусам. Найперш займаліся гэтым перавыданнем, падпіскай на кнігу: доктар медыцыны Сяргей Юрчанка. Асоба легендарная, ён калісьці змагаўся за жыццё Васіля Быкава. Таксама Рыта Гаціх – гэта старшыня суполкі „Скарына”, суполкі беларусаў у Чэхіі. Дзякуючы ім кніга выйшла і першая такая паўнавартасная прэзентацыя была ў Празе тыдзень таму, у Доме нацыянальных меншасцяў, шматлюдная, вельмі цёплая. Кніга была выдадзена ў Беластоку дзякуючы фонду „Камунікат”, за што шчырая мая ўдзячнасць фонду і старшыні фонду Яраславу Іванюку, які ў складаны для беларускіх выдаўцоў час, у нейкім сэнсе прыходзіць ім на дапамогу. Я думаю, што „Камунікат” у бліжэйшы час выдасць яшчэ некалькі беларускіх кніг. Спадзяюся, што сярод іх будзе і яшчэ адна мая кніга, якую вельмі ўпадабалі чэшскія беларусы, а менавіта гэта кніга „Танцы над горадам”, якая атрымала прэмію Гедройца, як лепшая кніга Беларусі 2017 года.
РР: У кнігу „Ордэн Белай Мышы” увайшло ўсё тое ж, што калісьці выкраслілі?
– Так, кніга адрозніваецца ад першага выдання, бо кнігі маюць свой лёс. У новым выданні змест не зусім супадае з ранейшымі выданнямі. У той кнізе, якую я падпісваў яшчэ прысутнічае і мая ранняя проза, напісаная часам нават больш за сорак гадоў таму, на самым пачатку літаратурнага шляху. Тыя мае апавяданні, у прыватнасці „Палёты самотнага птаха” і „Маналог Святога Пётры”, таксама зазнавалі ўмяшанне цэнзуры. Нават у назве твору, напрыклад, „Маналог Святога Пётры” за савецкім часам друкаваўся, як „Маўклівы маналог”. Бо ніякіх святых не павінна было быць нават у назвах літаратурных твораў, тут усё адноўлена па арыгіналу.
РР: Якія ў вас планы?
– Я пісьменнік, я лепш за ўсё магу пісаць кнігі, лепш за любую іншую справу, таму я буду пісаць.
РР: Вашы кнігі зараз выкрасленыя з праграм у беларускіх школах?
– Я не бачыў гэтых прагарам. Вы ведаеце, гэта выкрэсліванне, гэтая рэдукцыя школьных праграм, яна паўзуча адбываецца ўжо шмат гадоў. Са школьных праграм выкрэслівалі кнігі нашых эмігрантаў, потым нават кнігі нашых класікаў. Красамоўны прыклад – гэта тое, што са школьнай праграмы ўжо некалькі гадоў таму выкінутыя „Тутэйшыя” Янкі Купалы, твор надзвычай актуальны ў нашы дні. Я ведаю, што шмат і маіх твораў было выкінута са школьных праграм, або пераведзеныя ў спіс для пазакласнага чытання. Я ведаю, што па апошніх звестках некаторыя з іх яшчэ засталіся. Той самы „Адкуль наш род” мне здаецца яшчэ летась дзеці вывучалі ў малодшых класах. Мая аповесць „Час чумы” галоўны герой якой Мікола Гусоўскі, існавала ў праграме для пазакласнага чытання.
РР: Вы задаволеныя тым, што беларускія кнігі выдаюцца ў суседняй краіне?
– Вы ведаеце, я маю сваю аўдыторыю і ў Беларусі. Я спадзяюся, што будуць сустрэчы і ў Беларусі ў мяне. Папярэдняя была ў Чэхіі. Гістарычны шлях нашага народу склаўся так, што нашыя кнігі ў розныя стагоддзі выходзілі за межамі Беларусі, бо не маглі выйсці на радзіме аўтараў. Кнігавыдавецкая дзейнасць была заснавана ў Празе Францішкам Скарынам, як вы ведаеце. Кнігі Францішка Багушэвіча, Цёткі выходзілі не ў Беларусі, а ў Аўстра-Венгрыі некаторыя з іх. Тое, што цяпер беларускія кнігі друкуюцца за мяжой, для чалавека знаёмага з гісторыяй гэта толькі пацвярджэнне пакручастага беларускага лёсу, з якім безумоўна звязаны і лёс беларускай кнігі. Шмат кніг выходзіла. Цяпер выходзяць у Вільні. Выходзілі яшчэ на пачатку ХХІ стагоддзя. Некаторыя мае кнігі выйшлі ў Вільні яшчэ тады. Я думаю, што гэтая сітуацыя нам знаёмая з гісторыі, але безумоўна гэтая сітуацыя ненармальная. Нармальнай стане сітуацыя, калі беларускія кнігі будуць спакойна, без праблем, друкавацца і прэзентавацца на радзіме аўтара.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Паводле Уладзіміра Арлова, час гэтай ненармальнай з´явы, калі кнігі выкідваюцца са школьных праграм і забараняюцца ў бібліятэках, калі выдаюцца за мяжой, павінен хутка прайсці.
Беларускае Радыё Рацыя