У Зэльве ўсё ж скралі помнік Ларысе Геніюш
2023-03-30 12:51
У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве. Хто аддаў загад на яго ліквідацыю – царкоўна-эрпэцэшныя ўлады ці прадстаўнікі дзяржаўнай „вертыкалі” – пакуль невядома. Пра дэмантаж помніка паведаміў унук
Ларысы Геніюш Міхась Геніюш, які даслаў у нашу рэдакцыю фота месца, дзе стаяў помнік.
– Гэта для мяне вельмі непрыемны сюрпрыз. Я сёння атрымаў такі фотаздымак. Напісалі мне, што сёння ўночы гэты помнік знялі і кудысьці звезлі. Няма яго там. Не ведаю, чаму так сталася. Гэта для мяне вельмі дзіўна, хаця б з таго поваду, што нават за савецкай уладай, калі жыла Ларыса Геніюш, выдавалі яе кнігі, друкавалі вершы, плацілі ёй за гэта грошы, клікалі ў Саюз пісьменнікаў. І раптам помніка няма праз адну ноч.
Яшчэ ўчора была інфармацыя, шо помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак нехта аддаў загад і помнік па-бандыцку фактычна скралі.
Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве быў усталяваны з блаславення мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Ён фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве. Ліквідацыя помніка падкрэслівае, што ў краіне зноў запанавала антыбеларуская і антыхрысціянская ўлада.
Помнік Ларысе Геніюш патрабавала ліквідаваць прарасейская актывістка і „инфоказачка” Вольга Бондарава, якая, праўдападобна, мае вырашальны ўплыў на Гарадзенскую абласную ўладу. Хоць спярша Зэльвенскі райвыканкам адмовіў расейскай шавіністцы, помнік усё ж дэмантавалі.
Беларускае Радыё Рацыя