У Вільні завершыўся фэст «Вершы на асфальце»
2024-02-19 15:21
У Вільні скончыўся трохдзённы XІI Міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». Падчас яго адбываліся творчыя сустрэчы з вядомымі літаратарамі і праходзілі прэзентацыі кніг.
У трэці дзень перад наведвальнікамі фэсту выступалі
Уладзімір Арлоў,
Наста Кудасава,
Сяржук Сыс. Адбылася прэзентацыя зборніка “Вымярэнне свабоды”, прайшлі дыскусіі і вечарына-прэзентацыя праекту анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі, з удзелам літоўскіх аўтараў і беларускіх перакладчыкаў.
Як кажа паэт Сяржук Сыс, ён прэзентаваў не проста кнігу пад назвай “Дом”, а кнігу-дзённік, якая пісалася некалькі год у пяці краінах, рукапіс першай яе часткі знік пры ператрусе:
– У сацыяльных сетках трохі знайшоў, і гэта адна частка гэтай кнігі. Другая рэанімацыя была пасля доўгіх пабегаў па розных краінах, і яна мусіла выйсці ў 2022 годзе ў лютым у выдавецтве ў Кіеве. Але пачалася расейская агрэсія ва Украіне, і кніга зноў не выйшла. І дзякую выдавецтву “Скарына”, што яна патрапіла на свет.
На фэст завіталі і выдаўцы літаратуры з розных краін. З Лондана прыехаў Ігар Іваноў, які быў задаволены распродажам кніг свайго выдавецтва “Скарына”.
– Як выдавец я ў захапленні ад фэсту. Мы тут былі вельмі занятыя, таму што сапраўды шмат людзей прыходзіла, вельмі дынамічна ўвогуле адбываўся фэст. Людзі чытаюць паэзію, набываюць яе. Вельмі-вельмі прыемна гэта ўсё бачыць
Міжнародны паэтычны фестываль скончыўся канцэртам гурта “FILAMATY” (сумесны канцэптуальны праект гурта “RELIKT” і Уладзя Лянкевіча).
Фэст адбыўся пры падтрымцы Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў, Праграмнай Рада тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва», Беларускага ПЭН-цэнтра, Шведскага саюзу пісьменнікаў і беларускага Гётэ-інстытута ў выгнанні.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя