У Варшаве прайшоў канцэрт клязмерскай музыкі
2023-07-07 15:03
Мультымедыйная праграма «Падарожжа па краіне Ідыш» – гэта ўрок як стацца мацней, як захаваць культуру і мову, як выжыць ва ўмовах, калі страчваюцца традыцыі.
У Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве праходзіць тыдзень беларускай культуры, цягам якога адбываюцца выступленні беларускіх музычных груп, выканаўцаў класічнай музыкі, народных і мадэрновых танцавальных калектываў, адбываюцца цікавыя імпрэзы.
У сераду 5 ліпеня была паказана мультымедыйная праграма «Падарожжа па краіне Ідыш», створаная беларуска-габрэйскім музыказнаўцам, музыкантам і паліглотам з Нью-Ёрку Зіслам Сляповіч.
Канцэрт беларуса з Нью-Ёрку Зісла Сляповіча стаў каштоўным падарункам аматарам беларускай культуры, якая гістарычна заўсёды была поліэтнічнай. Музыка габрэйскіх клязмераў моцна ўплывала на культурную прастору Беларусі, Польшчы і Літвы пачынаючы з 14 стагоддзя і аж да дугой сусветнай. А спевы на ідыш – мове габрэяў выгнання – гучалі ва ўсіх беларускіх мястэчках, дзе да вайны габрэі складалі большасць насельніцтва. Цяпер носьбітаў той культуры засталося ў Беларусі не шмат.
Праграмай «Падарожжа па краіне Ідыш» Зісл Сляповіч захоўвае агульную спадчыну і перадае яе новым пакаленням.
– Гэта бясцэнны матэрыял. Ён зразумелы многім і не важна адкуль гэтыя людзі. Гэта як мюзікл «Скрыпач на даху». Чаму японцы на яго адклікнуліся, таму што гэта не пра габрэйскі народ: а пра страту традыцыі. У 20-м стагоддзі ўсе перажылі страту традыцыі. Гэта ўсіх закранула. Таму і гэтая праграма кранае сэрцы ўсіх людзей – нямецкага, ірландскага, афраамерыканскага паходжання. Гэта вельмі чалавечае нешта. Гэта наша, гэта вельмі сваё, але вельмі чалавечае. Таму гэта трэба паказваць, расказваць, спяваць.
Дзеля стварэння гэтай праграмы Зісл Сляповіч і яго прафесар Ніна Сцяпанская ў пачатку дзевяностых па 2008 год ездзілі па мястэчках-штэтлах Беларусі, Літвы і Украіны і рабілі аўдыя і відэа запісы жывых выканаўцаў клязмерскай музыкі і спеваў. Затым Зісл пераехаў у Нью-Ёрк, дзе выкладаў музыку, граў, займаўся музыказнаўствам і працаваў над праграмай. Сёння ведае 10 моў, грае на ўсіх дзеравяных духавых інструментах і клавішных, дырыжор. Але найбольш любіць літвацкую клязмерскую музыку і лічыць сябе часткай сусветнай беларускай супольнасці.
– Мой дзед быў ідышскім паэтам, у маім доме гучаў ідыш і мне гэта вельмі дапамагло знайсці сваё. Я таксама амерыканец, бо 15 гадоў жыву ў Амерыцы і лічу сябе часткай амерыканскага народу, актыўна прымаю ўдзел у амерыканскім грамадстве, яго жыцці. І я сябе лічу беларусам, мне вельмі хочацца нешта зрабіць, і мы шмат чаго робім у Нью-Ёрку – ад сям’і да беларускай дыяспары, да габрэйскай дыяспары.
На канцэрт прыйшло шмат беларускіх музыкаў: якія зараз жывуць у эміграцыі. Яны ведаюць і шануюць творчасць Сляповіча. Рокер Аляксандр Памідораў кажа, што гэта сапраўднае мультымедыйнае падарожжа да нашых людзей.
– Гэта мультымедыйнае сапраўды падарожжа. Мы бачым людзей, якіх ужо няма сярод нас, на гэтым свеце. Але ўсё гэта нашы людзі. З беларускіх зямель. І яны не толькі носьбіты габрэйскай культуры, але і аскепкі нашай беларускай культуры, якую таксама вынішчалі, выразалі. І трэба заўсёды браць прыклад і ўрокі як стацца мацней, як захаваць культуру і мову, якія ёсць. З гэтай праграмай Зісл меў шмат цяжкасцяў. І ў выніку атрымалася проста неверагодная рэч, гэта сувязь генерацыяў, культур. Людзі неверагодна ўспрымалі. Ты можаш не ведаць мову, але ты чуеш мелодыю здаецца ўпершыню і разумееш што яе недзе чуў на падкоркавым узроўні.
Прыйшоў на канцэрт Сляповіча беларускі спявак, музыкант, мультыінструменталіст, этнограф, заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход» Сяржук Доўгушаў.
– Я даўно знаёмы з Зіслам і з радасцю запрашаў яго на свае мерапрыемствы. Напрыклад ён прыязджаў у Мінск на наш першы фестываль клязмерскай культуры «Літва клязмер фэст» у 2019 годзе. Гэта выбітны прадстаўнік клязмерскай культуры, чалавек які праслаўляе музыку літвакаў. Чалавек які ведае шмат моваў, які размаўляе на ідыш, спявае песні на ідыш. Таму я з радасцю прыйшоў і атрымаў мацнейшае задавальненне ад канцэрту. Цікава. Зараз ідзе тыдзень культуры, кожны дзень запланаваны розныя імпрэзы ў роднай стылістыцы на тэму Беларусі. Гэта таксама наша культура, наша традыцыя. Сёння можна прыйсці на адно мерапрыемства, заўтра на іншае. І збіраецца розная публіка, што таксама вельмі важна.
Для некаторых удзельнікаў канцэрту ён таксама быў падарожжам не проста ў мінулае, а ў нейкую ідэальную Беларусь. Успаміналі часы, калі ў нашай краіне было чатыры дзяржаўныя мовы – беларуская, руская, польская і ідыш. І казалі, што гэта быў вельмі мілы і спакойны час. Міжваенне.
Казімір Шчадковіч