28 красавіка а 15:00BY/14:00PL у межах цыклу сустрэч «Санаторый пад клепсідрай» на старонцы «Прастора польскай культуры» адбудзецца анлайн-прэзентацыя кнігі знакамітага польскага паэта, мемуарыста і міфатворцы Антонія Эдварда Адынца «Выбраныя вершы з нагоды і без», што нядаўна з’явілася па-беларуску ў серыі «Паэты планеты».— Ці быў Адынец-паэт рамантыкам?
— Як адбіваецца ў яго творчасці гісторыя філаматаў і філарэтаў, вобразы сяброў і тэма сяброўства?
— Як склаўся лёс паэта ў параўнанні з сябрамі-паплечнікамі?
— Ці варта верыць літаратурным міфам, створаным пісьменнікам?
— У чым асаблівасці фальклорных стылізацыяў паэта?
— Якое месца ў яго лірыцы займаюць жартаўлівыя вершы, анакрэонтыка, эратычныя матывы?
— Ці маюць рацыю даследчыкі, адносячы аўтара да літаратуры бідэрмаеру?
— Як складаецца гісторыя беларускіх перакладаў А.Э.Адынца?
Над гэтымі ды іншымі пытаннямі мадэратар
Андрэй Хадановіч паразважае разам з запрошанай госцяй сустрэчы — паэткай, перакладчыцай і ўкладальніцай кнігі
Марыяй Мартысевіч. Слухачы пачуюць польскія арыгіналы і беларускія пераклады, зробленыя
Марыяй Мартысевіч, а таксама
Кастусём Цвіркам і
Антонам Францішкам Брылём.
Антоні Эдвард Адынец (1804-1885) — польскамоўны паэт, драматург, перакладчык, малодшы таварыш удзельнікаў Таварыства філарэтаў, сябра і сучаснік Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Юльюша Славацкага. Паходзіў з маёнтка Гейстуны на Ашмяншчыне, быў выпускніком Віленскага ўніверсітэта. Як літаратар здабыў папулярнасць у Польшчы ў другой палове ХІХ стагоддзя, выдаўшы чатырохтомнік успамінаў пра еўрапейскія вандроўкі з А.Міцкевічам «Лісты з падарожжа». Сведка эпохі рамантызму, у лірыцы А.Э.Адынец адзначыўся найперш паэзіяй, прысвечанай сябрам, і трактуецца сучаснымі даследчыкамі як творца літаратуры бідэрмаеру.