У рэдакцыі і ў журналістаў «Нашай нівы» праходзяць ператрусы. Улады заблякавалі сайт выданьня
2021-07-08 11:56
Улады заблякавалі сайт аднаго з самых папулярных незалежных мэдыя Беларусі «Наша ніва», у рэдакцыі і ў журналістаў выданьня праходзяць ператрусы.
Пасьля 10-й гадзіны раніцы як у Беларусі, так і за мяжой перастаў адкрывацца сайт «Нашай нівы».
Міністэрства інфармацыі паведаміла аб абмежаванні доступу на сайту «Нашай нівы»:
«На падставе апавяшчэння Генэральнай пракуратуры ў сувязі з разьмяшчэньнем інфармацыі, распаўсюд якой забаронены пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“, Міністэрствам інфармацыі прынята рашэньне аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу nn.by».
Тэлеграм-канал «Нашай нівы» працуе, ён паведамляе:
«Сайт „Нашай нівы“ NN.by у гэты момант недасяжны. Мы ня можам зьвязацца з некаторымі супрацоўнікамі рэдакцыі, у тым ліку галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам. Мы дапускаем, што ў гэты момант ён можа быць затрыманы, паколькі чытачы паведамляюць, што ў будынку, дзе ён знаходзіўся, бачылі супрацоўнікаў ГУБАЗіКу».
Паводле тг-каналу «Мотолько помоги», у рэдакцыю прыйшоў ГУБАЗіК.
Журналісты выданьня не выходзяць на сувязь, у самой рэдакцыі ператрус паведамляе Tut.by. Няма сувязі і з галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам. Паводле непацьверджанай інфармацыі, яго затрымалі. Ягоная жонка Адар'я Гуштын пацьвердзіла, што Марціновіч прапаў: «Я ня ведаю, дзе затрымлівалі Ягора, але і сабакі дома няма».
Дома ў рэдактара «Нашай нівы» Андрэя Скурко ідзе ператрус, паведамляе тэлеграм-канал выданьня.
Акрамя таго, зь невядомых прычынаў прыпынілі сваю працу ByFly і мабільны інтэрнэт ад МТС.
Навіна абнаўляецца.
Перасьлед «Нашай Нівы» і журналістаў выданьня
19 траўня дадому да галоўнага рэдактара «Нашай нiвы» Ягора Марціновіча прыходзілі сілавікі. Пра гэта яму паведамілі суседзі. Дома нікога не было. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, але ня быў зьвязаны з «Нашай Нівай».
Яшчэ ў красавіку Эканамічны суд Менску аштрафаваў «Нашу Ніву» на 300 базавых велічынь (8700 рублёў) фармальна за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць» за друк 20 асобнікаў газэты на прынтэры. Суд даў штраф, нягледзячы на тое, гэтым падатковая інспэкцыя так і не знайшла фактаў, што прадпрыемства «Суродзічы», што надрукавала газэту, атрымала хоць які даход ад друку.
Акрамя таго, шэраг буйных кнігарняў, у тым ліку «Акадэмкніга», адмовіліся прадаваць часопіс «Наша гісторыя», які выпускае рэдакцыя «Нашай нівы».
Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч у інтэрвію Свабодзе паведамляў, што пасьля падзей жніўні 2020 году ніхто з супрацоўнікаў рэдакцыі ня звольніўся. Пры гэтым усе 20 супрацоўнікаў пабывалі на допытах у Сьледчым камітэце.