Кіраўніца камітэту абароны сям’і Дзярждумы РФ Ніна Астаніна накіравала дэпутацкі запыт на імя міністра асьветы Расеі, патрабуючы разабрацца, чаму ў адзіным дзяржаўным іспыце (ЕГЭ) па расейскай мове быў тэкст беларускай пісьменьніцы, нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.
Пра выпадак паведамілі шэраг расейскіх СМІ.
У запыце Астаніна адзначае, што сярод тэкстаў, паводле якіх прапаноўвалі напісаць сачыненьне на датэрміновым ЕГЭ па расейскай мове 26 сакавіка, быў фрагмэнт твора Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Астаніна абвінаваціла беларускую пісьменьніцу ў «адкрытай русафобіі», заявіўшы, што творы Алексіевіч нібыта «вылучае нянавісьць» да Расеі і так званай «саюзнай дзяржавы». Яна абвінаваціла аўтарку і ў тым, што яна атрымлівала ордэны і ўзнагароды ад дзяржаў – чальцоў NATO падчас вайны супраць Расеі Ўкраіны.
«Расабрнагляд», камэнтуючы сытуацыю, заявіў, што тэксты Алексіевіч не выкарыстоўвалі падчас датэрміновага ЕГЭ па расейскай мове. У ведамстве прызналі, што тэксты пісьменьніцы сапраўды сустракаліся ў матэрыялах ЕГЭ, але «на прыватных трэніровачных рэсурсах да ЕГЭ», за якія «Расабрнагляд» адказнасьць не нясе, заявілі ў ведамстве.
У Беларусі кнігі Сьвятланы Алексіевіч у 2021 годзе выключылі са школьнай праграмы, а з чэрвеня 2022 году загадалі прыбраць і са школьных бібліятэк Беларусі.
Сьвятлана Алексіевіч неаднойчы адкрыта выказвалася супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама супраць вайны Расеі ва Ўкраіне. Так, у адным з апошніх інтэрвію Радыё Свабода Сьвятлана Алексіевіч, сярод іншага, казала, што «Расея стала яшчэ больш жахлівай, яна ідзе да фашызму».