У польскай сталіцы пачалося будаўніцтва Музея Варшаўскага гета
2023-04-18 21:19
Вельмі сімвалічна, што цырымонія прайшла ў Міжнародны дзень аховы помнікаў гісторыі, напярэдадні 80-ай гадавіну выбуху паўстання ў Варшаўскім гета.
18 красавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень аховы помнікаў гісторыі. У гэты дзень у Польшчы прайшлі ўрачыстасці прысвечаныя ўшанаванню тых, хто ратаваў помнікі ў цяжкія хвіліны гісторыі, так і заснавання новых устаноў, мэта якіх зберагаць гісторыю.
У аўторак а 9.30 намеснік старшыні Рады міністраў, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны праф. Пётр Глінскі ўзяў удзел у цырымоніі закапвання Капсулы часу ў садзе былога дзіцячага шпіталя Берсонаў і Баўманаў, што стала сімвалічным пачаткам будаўніцтва на гэтым месцы новага будынка Музея Варшаўскага гета.
Лепшы спосаб інстытуцыяналізаваць памяць - гэта пабудаваць мудрыя, прыязныя інстытуты, якія навучаюць і вядуць дыялог. Дзякуючы ім мы можам з надзеяй глядзець у будучыню, заявіў у аўторак у Варшаве віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі.
— Сёлета мы ўжо ўваходзім у той этап, калі будуць бачныя фізічныя змены. Тут будзе пабудавана сучасная і прыязная адукацыйная ўстанова - Вялікі музей, які будзе згадваць пра вельмі важныя выбары ў жыцці людзей, і, магчыма, галоўныя. Мінулае нам патрэбна, каб убачыць, як нашы папярэднікі рабілі выбар і які прыклад мы павінны браць з іх.
Прыкладна праз тры гады будзе збудаваная новая сядзіба Музея Варшаўскага гета. Дырэктар Музею Варшаўскага гета Альбэрт Станкоўскі патлумачыў, што будынак шпіталю з'яўляецца сведкам гісторыі і важным экспанатам.
— Гэты будынак быў пабудаваны ў 1878 годзе і фінансаваўся яўрэйскімі філантропамі — сем’ямі Берсонаў і Баўманаў, мэтай якіх было стварэнне шпіталя для самых бедных хрысціян і яўрэяў Варшавы. Падчас вайны тут размяшчаўся шпіталь для яўрэйскіх дзяцей, дзе аддана працавалі габрэйскія лекары.
Шпіталь месціўся ў гета. Альберт Станкоўскі дадаў, што першапачаткова габрэйскія лекары мелі ўмовы для аказання дапамогі, але з цягам часу перастала хапаць медыкаментаў, прадуктаў харчавання. Апроч экспанатаў, у будынку новага музея будуць прадстаўлены і аўдыёвізуальныя матэрыялы, у тым ліку інтэрв'ю з ацалелымі насельнікамі гета.
У закапанай капсуле на тэрыторыі будучага музея захоўваюцца гістарычныя замалёўкі будынка, кніга яўрэйскага паэта Іцхака Кацэльсона «Песня забітых яўрэяў», паштоўка з інтэр'ерам былога шпіталя, інтэрв'ю і дакументы ў памяць аб пачатках працы.
80-годдзе пачатку паўстання ў Варшаўскім гета ўшанаванае канцэртамі ў Варшаве і Тэль-Авіве. Напярэдадні гадавіны найбуйнейшага габрэйскага паўстання часоў Другой сусветнай вайны, а адначасова і першага гарадскога паўстання ў акупаванай Еўропе, Ханя Рані, Марэк Браха, Якуб Якавіч і аркестр Sinfonia Varsovia выступілі ў Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN, распавйў дырэктар музычнай сцэны музея Каетан Прахыра.
- «Гэта канцэрт пад назвай «Памяць нас звязвае», падчас якога прагучалі кампазіцыі, напісаныя ў гета Уладзіславам Шпільманам , а таксама творы пасляваенных часоў: «Паэма» для скрыпкі з аркестрам» Шымона Лакса і «Калыханка» Анджэя Пануфніка. На завяршэнне прагучала кампазіцыя «Для Ясімы», напісаная Ханяй Рэн, натхнёная музыкай, напісанай у Варшаўскім гета піяністкай і кампазітаркай - адзінаццацігадовай Ёсімай Фельдшух.
Каетан Прахыра дадаў, што ў Тэль-Авіве вечарам у гэты ж час ізраільскі філарманічны аркестр пад кіраўніцтвам Лукаша Баровіча выканаў «Remembering Together».
- У праграме спачатку была ўверцюра з оперы «Страчаны рай» Кшыштафа Пендэрэцкага, потым «Канцэрт для трубы з аркестрам» Мечыслава Вайнберга і ў фінале сімфонія № 7 Людвіга ван Бетховена, на знак памяці Габрэйскай сімфанічнага аркестра, якому нацысты забаранілі граць музыку нямецкіх кампазітараў.
У рамках святкавання таксама была падрыхтавана выстава «Вакол нас мора агню». Гэта першая выстава пра паўстанне ў Варшаўскім гета, прадстаўленая з пункту гледжання мірных жыхароў, заснаваная на іх вопыце, запісаным у дзённіках або часопісах падчас або пасля паўстання.
Сімвалічна таксама тое, што пачатак будаўніцтва адбыўся ў Міжнародны дзень аховы помнікаў гісторыі. Яго адзначаюць ва ўсім свеце менавіта 18 красавіка. Міжнародны дзень аховы помнікаў быў заснаваны Выканаўчым камітэтам Міжнароднага савета па ахове помнікаў ICOMOS у 1983 годзе і занесены ЮНЕСКА ў рэестр важных дат, значных для ўсяго свету.
Юры Ліхтаровіч