У Нюрнбергу праходзіць канферэнцыя па злачынствах рэжыму Лукашэнкі
2021-10-11 13:59
У баварскім Нюрнбергу праходзіць прававая канферэнцыя «Злачынствы супраць чалавецтва і прызнанне Лукашэнкі тэрарыстам».
Канферэнцыю адкрылі дыстанцыйна Святлана Ціханоўская й старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Святлана Ціханоўская ў сваім выступленні заклікала дэмакратычныя краіны:
– Працягваць падтрымліваць Міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, якая збірае, правярае і захоўвае доказы парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
– Прасоўваць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі і крымінальныя расследаванні супраць Лукашэнкі.
– Пачаць выкарыстоўваць міжнародныя канвенцыі для падачы скаргаў на рэжым у міжнародныя органы.
– Пазбавіць рэжым права голасу ў ICAO, Інтэрполе і іншых міжнародных арганізацыях.
– Забяспечыць фінансаванне працы экспертнай групы КВКПЧ (Кіравання Вярхоўнага камісара па правах чалавека) па расследаванні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
„Я ведаю, што ўсё, што я апісала, не так проста дасягнуць, але ўсё гэта выканальна. І я заклікаю ўсіх вас сёння абмеркаваць гэтыя прапановы і знайсці найлепшы спосаб для дасягнення нашых мэтаў і аднаўлення вяршэнства закона ў Беларусі», – сказала Ціханоўская.
Падчас свайго выступлення кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка сказаў:
– Лукашэнка аддаў загад забіваць мірных дэманстрантаў летась. Сёлета ён здзейсніў акт тэрарызму, прымусова пасадзіўшы грамадзянскі самалёт Райнэйр. Ён выкарыстоўвае мігрантаў супраць Еўразвязу. Ад імя беларускага грамадзтва заклікаю юрыдычныя сістэмы еўрапейскіх дзяржаваў запусціць юрыдычную працэдуду супраць дыктара і яго памагатых.
Латушка нагадаў, што цяпер за кратамі разам з тысячамі беларусаў знаходзяцца праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Чэпік і Леанід Судаленка. Яны баранілі палітзняволеных і самі апынуліся ў турме.
«Для Лукашэнкі няма шляху назад. 40 тысяч былі арыштаваныя, тысячы трапілі пад катаванні, усе незалежныя газеты закрытыя, 275 НДА ліквідавана, дзясяткі тысяч людзей звольнілі з палітычных прычынаў», – сказаў Латушка.
Анджэй Галіцкі, член Еўрапейскага парламенту, сустаршыня нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў ЕП лічыць, што канферэнцыя мусіць стаць чарговым крокам для таго, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці.
На канферэнцыі выступілі пацярпелыя ад гвалту сілавікоў. У прыватнасці, грамадзянін Польшчы Кацпэр Сяніцкі. Ён быў затрыманы ў Менску ў жніўні мінулага году й трапіў у Фрунзэнскі РУУС.
Цяпер справа Сяніцкага расследуецца ў рамках універсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы й Нямеччыне. Свае паказанні ў Нюрнбергу даў таксама грамадзянін Беларусі Віталь Алейнік. Ён быў раптоўна затрыманы ў Менску 23 верасня мінулага года, калі вяртаўся з працоўнай сустрэчы. Кейс Алейніка таксама разглядаецца ў рамках універсальнай юрысдыкцыі ў Літве.
* * *
У канферэнцыі бяруць удзел непасрэдна альбо анлайн лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, прадстаўніца гарадской рады Нюрнбергу Дыяна Ліберава ды іншыя. Удзел у канферэнцыі возьмуць і ахвяры катаванняў з боку сілавікоў, якія вымушана пакінулі Беларусь праз пагрозы і пераслед.
Парадак выступленняў можна паглядзець у раскладзе канферэнцыі.
Далей у праграме заяўленыя 2 сесіі і прэсавая канферэнцыя з удзелам юрыстаў, праваабаронцаў, палітыкаў і навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Францыі, Грузіі й ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа