«Пульс. Як адна поп-песня дае надзею Усходняй Еўропе» (Polsslag. Hoe een popsong Oost-Europa hoop geeft) — з такой назвай у нідэрландскім выдавецтве De Bezige Bij выйшла кніга пра песню «Перамен!» як музыку беларускіх пратэстаў.
Аўтар кнігі — прафесар паліталогіі Петэр Вармеерш — спрабуе апісаць ролю музыкі як супраціву ва аўтарытарнай Беларусі, так і ў Савецкім Саюзе.
Апошнім часам выданне стала атрымоўваць усё больш водгукаў у прэсе.
«Песню „Перамен!“ савецкага гурта „Кіно“ спявалі тысячы пратэстоўцаў, якія паўсталі супраць палітыкі прэзідэнта Лукашэнкі. Пратэст аказаўся марным, але „Перамен!“ стала песняй надзеі нават ва ўсёй астатняй частцы Усходняй Еўропы», — адзначаецца ў анатацыі да кнігі.
У кнізе адны з герояў — музыканты гурта Irdorath. Петэр Вермеерш распавядае пра тое, як Irdorath ігралі на дудах «Перамен!» падчас пратэсных маршаў, пра рэпрэсіі супраць музыкантаў, іх вызваленне і эміграцыю. У гісторыі згадваюцца і «дыджэі пераменаў», які паставілі песню Віктара Цоя на перадвыбарным мітынгу ў 2020-м.
«Гэта кніга — гісторыя расчаравання і надзеі, стратаў і трываласці. Што рухае людзьмі? Дзе яны чэрпаюць мужнасць, каб працягваць змагацца з прыгнётам? І ў чым сакрэт музыкі ў барацьбе за свабоду?», — задае пытанні Петэр Вармеерш.
На сайце кнігі аўтар падабраў і саўндтрэк да свайго выдання. У плееры песень свабоды можна знайсці розныя кампазіцыі — згаданую «Перамен!» «Кіно», «Па трамвайных рэйках» Янкі Дзягілевай, але прыстойную частку там складаюць беларускія хіты: «Правілы» Nizkiz, Belarus Freedom «Ляпіса Трубяцкога», «Баю-Бай» «Дай дарогу!», «Тры чарапахі» Лявона Вольскага, «Муры» ў выкананні «Вольнага хору» і іншыя песні пратэсту.
«Пульс» напісаны жывой мовай і рэкамендуецца тым, хто цікавіцца сучаснай геапалітычнай напружанасцю ў адносінах з Расіяй і Беларуссю, а таксама тым, хто хоча зразумець, як рок-музыка ўсяляе надзею на альтэрнатыву, як у Беларусі, так і ў тагачасным Савецкім Саюзе ў перыяд перабудовы«, —
піша пра выданне музычны анлайн-часопіс Dark Entries.
Петэр Вермеерш (Peter Vermeersch) — пісьменнік і прафесар паліталогіі ў Левенскім каталіцкім універсітэце. Сярод яго папярэдніх работ — нонфікшн «Ex» і «Notes on a Murder». Эсэ аўтара публікаваліся ў газетах «De Standaard» і «De Correspondent». У вольны час Петэр таксама захапляецца музыкай.
Набыць кнігу «Пульс. Як адна поп-песня дае надзею Усходняй Еўропе» можна
тут.
Фота: сайт выдавецтва.