У Мінску завяршыўся фестываль «Прадмова»
2020-10-20 12:38
У Мінску завяршыўся маштабны кніжны фестываль "Прадмова", падчас якога прайшлі прэзентацыі многіх кніг, культурніцкіх праектаў, цырымоніі ўручэння літаратурных прэмій.
Падчас фестывалю Саюз беларускіх пісьменнікаў удзельнічаў у цэлым шэрагу імпрэзаў.
Чацвер, дзень адкрыцця, стаў і днём уручэння Прэміі Гедройца, найважнейшай незалежнай літаратурнай узнагароды ў галіне прозы і нон-фікшн. Сёлета лаўрэатам Гедройца стаў Сяргей Дубавец за кнігу "Тантамарэскі". ІІ месца і паездку на шведскі востраў Готланд ад Саюза беларускіх пісьменнікаў атрымаў Андрэй Адамовіч. А ІІІ месца было ўручанае Зараславе Камінскай, колішняй выпускніцы Школы маладога літаратара.
На наступны дзень у межах "Прадмовы" адбылася прэзентацыя новага нумару часопіса "Дзеяслоў" з удзелам Барыса Пятровіча, Анатоля Івашчанкі і Віктара Слінко.
Адразу пасля прэзентацыі "Дзеяслова" адбылося ўганараванне дыпломамі Школы маладога літаратара W/Rights пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. На імпрэзу сабралося шмат выпускнікоў і выпускніц. Адзін з навучэнцаў, Данііл Арыянаў (Лысенка) напярэдадні быў затрыманы і асуджаны да адміністратыўнага арышту на 15 сутак. Школьнікі прачыталі верш Данііла і заклікалі пісаць яму лісты салідарнасці.
Напрыканцы дня былі ўручаныя прэміі Цёткі за найлепшую дзіцячую літаратуру, а таксама своеасаблівы юбілейны "Дэбют дзесяцігоддзя", арганізаваны фундатарамі прэміі "Дэбют". "Дэбютантам" дзесяцігоддзя быў названы Віктар Марціновіч, які на самым пачатку існавання прэміі атрымаў яе за раман "Сцюдзёны вырай".
Лаўрэаткамі Прэміі Цёткі сталі Зараслава Камінская і Вераніка Шпак.
Таксама ў межах фестывалю адбылася прэзентацыя кніг Барыса Пятровіча "Ідзі адзін" і "Роўна і трошкі ўправа".
Фестываль завершыўся цырымоніяй уручэння Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да кнігі (сёлета прэмію атрымала Кацярына Пікірэня), а таксама прэзентацыяй кнігі ўспамінаў і матэрыялаў пра Міхала Анемпадыстава "Простыя словы".
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Фота Марыны Карповіч